Туалетная папера — наша ўсё!

Ажыятаж вакол туалетнай паперы, чэргі па яе і нават бойкі прымусілі навукоўцаў задумацца пра ролю гэтых чароўных рулонаў для цывілізацыі.

Фота www.gazeta.ru

Тых, хто жыве на тэрыторыі былога СССР або ва Усходняй Еўропе, яшчэ можна зразумець. У калектыўнай памяці грамадзян рэгіёну дакладна захаваліся файлы пра часы сацыялізму, спадарожнікам якога быў хранічны дэфіцыт. Як тут ні згадаць, што падчас вайсковага становішча ў Польшчы ўроцлаўская анархісцкая групоўка «Аранжавая альтэрнатыва» збірала масавыя маніфестацыі, абяцаючы іх удзельнікам бясплатную раздачу туалетнай паперы.

Аднак як растлумачыць паводзіны бюргераў старых краін ЕС і Злучаных Штатаў, якія літаральна штурмуюць крамы дзеля туалетнай паперы? Каб спыніць бойкі, у некаторых заходніх супермаркетах нават уведзены ліміт на набыццё пэўнай колькасці рулонаў. Дайшло да таго, што аўстралійская газета зрабіла ў адным з выпускаў дадатак у выглядзе аркушаў туалетнай паперы. Той нумар быў прададзены за лічаныя хвіліны. Не дапамагаюць і аргументы. Згодна з разлікамі Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, упакоўкі з шасці рулонаў павінна хапіць сямейнай пары на ўвесь перыяд каранціну з запасам. У чым крыніца такой незвычайнай з’явы?

Феномен можна растлумачыць сфарміраванымі ў медыя штампамі. Напрыклад, тым, што ў рэпартажах з Уханю дэманстравалі кітайцаў, якія з-за адсутнасці антысептыкаў выкарыстоўвалі туалетную паперу ды паўсюдна цягалі яе з сабой. Іншая тэорыя грунтуецца на асаблівасцях рэпартажаў пра венесуэльскі крызіс. Заходнія журналісты, калі распавядалі пра дэфіцыт у Венесуэле, абавязкова ўзгадвалі недахоп туалетнай паперы. Падобныя рэпартажы, маўляў, і сфарміравалі на Захадзе калектыўную ўстаноўку — калі пачнецца нешта жудаснае, туалетную паперу трэба набываць у першую чаргу.

А вось канадскі псіхолаг Стывен Тэйлар шукае адказ на з’яву ў глыбінных пластах нашай псіхалогіі выжывання. У выпадку з’яўлення нейкай незразумелай вонкавай пагрозы, наш мозг дыктуе нам загад набываць элементарныя сродкі выжывання. Часткова вінаватыя, на думку Тэйлара, і чыноўнікі, якія не прадумалі лексікон. Словы «каранцін» або «ізаляцыя», якія яны ахвотна ўжываюць, выклікаюць у людзей панічную думку пра хуткія бытавыя нязручнасці, калі лішні рулон туалетнай паперы, натуральна, лішнім не будзе.

З іншага боку, дасюль ніхто не ведае, як супакоіць спажыўцоў у такой сітуацыі. У 1973 годзе праз нафтавы крызіс у Злучаных Штатах назіраліся праблемы на запраўках. Народ адразу ламануўся па прадукты, у тым ліку і па туалетную паперу. Збіць напружанасць вырашыў тагачасны мясцовы Іван Ургант — вядоўца папулярнага шоу Джон Карсан. У сваёй праграме ён пасмяяўся з тых, хто бегае па крамах у пошуках паперы. І што ж зрабілі амерыканскія спажыўцы? Яны, калі паглядзелі шоу Карсана, кінуліся набываць яшчэ больш запаветных рулонаў. Істэрыя доўжылася чатыры месяцы.

Наконт тэорый папулярнасці туалетнай паперы, цікавую ідэю прапанаваў брытанскі навуковец Дзімітрас Цыврыкас. Паляванне за паперай, як лічыць эксперт, кампенсуе прысутную ў нашай псіхіцы ўстаноўку, якая патрабуе нешта рабіць ва ўмовах крызісу. Наяўнасць туалетнай паперы сведчыць, што сітуацыя пад кантролем. Адпаведна, чым больш у хаце паперы, тым больш упэўненасці.

Ёсць апалагеты і ў версіі, якая тлумачыць істэрыку наконт туалетнай паперы рацыянальнымі матывамі. Людзі ўмеюць лічыць і, натуральна, разумеюць, што кошты на базавыя прадукты спажывання ва ўмовах крызісу ўсё роўна будуць расці.

Напэўна, з гэтым не пагодзіцца калега Цыврыкаса Эма Кені. Яна бачыць тут відавочны прыклад статкавага інстынкту. «Вы не рэагуеце на вірус, вы рэагуеце на страх таго, што, можа быць, адбудзецца. Калі ўсе людзі панічна купляюць паперу, і вы самі робіце панічную пакупку, — гэта падсілкоўвае ўвесь цыкл». Яе ўскосна падтрымлівае прафесар Дэбора Грэй. Яна адз­начае, што, калі 50 упаковак туалетнай паперы знікаюць з паліц, вы сапраўды заўважаеце гэта, таму што яны займаюць шмат месца. Як вынік, людзі пачынаюць трошкі панікаваць.

Нарэшце, амерыканскі псіхолаг Кацярына Вітгенс мяркуе, што крыніцы феномену трэба шукаць у асаблівасцях заходняга менталітэту. У еўрапейскай культуры, калі ёй верыць, сфарміраваліся забабоны, калі санітарыя і чысціня цела ўспрымаюцца як элемент індывідуальнай бяспекі і гармоніі.

Пакуль навукоўцы спрачаюцца, ажыятаж наконт паперы працягваецца. 20 сакавіка ў Паўночнай Караліне (ЗША) злачынец паспрабаваў скрасці цэлы фургон з грузам туалетнай паперы. На фоне падобных паведамленняў застаецца толькі спадзявацца на казахскіх навукоўцаў. З Казахстану паведамляюць, што група мясцовых інжынераў і навукоўцаў вынайшла шматразовую туалетную паперу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: