Турэцкія ўлады заявілі аб вызваленні падазраваных у дачыненні да перавароту

Стамбульскі суд вызваліў з-пад варты 758 вайскоўцаў, затрыманых па падазрэнні ў дачыненні да спробы дзяржаўнага перавароту, паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва Анадолу.
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Затрыманыя, у тым ліку курсанты вайсковых вучэльняў, былі адпушчаныя пасля дачы паказанняў. Суд не ўбачыў неабходнасці трымаць іх пад вартай.

Усяго суд разгледзеў справы 989 вайскоўцаў, 231 чалавек быў пакінуты ў зняволенні.

Па апошніх дадзеных, больш за дзевяць тысяч чалавек, большасць з якіх вайскоўцы, былі арыштаваныя пасля спробы перавароту.

Дзясяткі тысяч людзей, уключаючы тысячы універсітэцкіх выкладчыкаў, былі адхіленыя ад сваіх пасадаў. Былі зачыненыя больш за дзве тысячы арганізацый.

У ноч на 16 ліпеня група ваенных абвясціла, што бярэ кіраванне краінай у свае рукі, каб забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў грамадзян. Да раніцы турэцкаму ўраду ўдалося цалкам аднавіць кантроль над сітуацыяй у краіне.

У выніку перавароту загінулі 246 чалавек, не лічачы змоўшчыкаў, 2185 чалавек атрымалі раненні.
Улады Турцыі лічаць натхняльнікам спробы дзяржаўнага перавароту Фетхулу Гюлена, які жыве ў амерыканскім штаце Пенсільванія. Сам Гюлен неаднаразова заяўляў, што не мае дачынення да путчу, і асуджаў спробу перавароту.

Паводле рускай службы Бі-бі-сі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: