Туркменістан. Цэнтрабанк зоймецца сабакамі

Кіраўнік Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў працягвае нарошчваць культ алабаяў. 

Раней, як вядома, пра тых сабакаў ён напісаў кнігу, выхад якой краіна адзначала амаль тыдзень. І вось — новыя ініцыятывы Аркадагу (мянушка туркменскага гаранта). Ён даручыў Цэнтральнаму банку Туркменістана, а таксама групе іншых больш дробных банкаў стаць сузаснавальнікамі гаспадарчага таварыства «Туркменскі алабай». 

«Гэта яшчэ адзін канкрэтны прыклад таго, якое значэнне надаецца іх гадаванню і правільнай падрыхтоўцы, захаванню і развіццю іх лепшых, выбітных чыстапародных якасцяў, далейшай папулярызацыі ў свеце нашага нацыянальнага здабытку», — сказаў Бердымухамедаў. 

Верагодна, наступным крокам будзе замацаванне сабакі ў манументальным мастацтве. 6 лістапада кіраўніку краіны былі прадстаўленыя праекты аб’ектаў, запланаваных да здачы ў эксплуатацыю ў 2020 годзе. Сярод іх — велізарная скульптура алабая. Адначасова Бердымухамедаў праявіў сябе як скульптар, выявіўшы, што ў мануменце «слаба адлюстраваныя рысы, уласцівыя гэтай славутай пародзе». Скульптары паабяцалі ўлічыць яго парады.

Паводле туркменскай прэсы




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: