Туркменскіх інтэрнэт карыстальнікаў прымушаюць адмаўляцца ад VPN і даваць клятву на Каране

Улады ў Туркменістане з першых гадоў незалежнасці ўвялі патрабаванні да грамадзян краіны прыносіць клятву вернасці Радзіме. Цяпер практыка клятвапрынашэння выкарыстоўваецца ў мэтах абмежавання карыстання Інтэрнэтам, піша rus.azathabar.com.

Туркменскі ўрад, які для абмежавання доступу да інтэрнэту ўласных грамадзян да гэтага часу сакрэтна супрацоўнічаў з замежнымі тэхналагічнымі кампаніямі, выводзіць метады абмежаванні на новы ўзровень.

Карэспандэнт «Радыё Азатлык» паведамляе аб новых патрабаваннях да грамадзян, якія жадаюць правесці да сябе дадому інтэрнэт-сувязь.

Жанчына, якая прадставілася, як Айнур, ужо больш за паўтара года спрабуе правесці сабе дадому інтэрнэт. Яна кажа, што інтэрнэт ёй неабходны для зносін са сваім мужам, які знаходзіцца на заробках за мяжой. Але намаганні Айнур да гэтага часу не ўвянчаліся поспехам.

«Я летась запісалася ў чаргу на правядзенне інтэрнэту да сябе дадому. Мая чарга наступіла праз паўтара года. Да таго, як атрымаць паслугі Wi-Fi, я падпісала мноства дакументаў. А цяпер у мяне патрабуюць, каб я паклялася на Каране аб тым, што не буду карыстацца паслугамі VPN. А без VPN у інтэрнэце ніякія сайты не адкрываюцца. Не ведаю нават, што рабіць», — кажа Айнур у размове з карэспандэнтам «Азатлыка».

Туркменскія ўлады да гэтага звярталіся да розных метадаў абмежавання інтэрнэту, хуткасць якога, дарэчы, такім чынам пакідае жадаць лепшага: у краіне заблакаваныя старонкі сацыяльных сетак, сайты, якія прапануюць VPN-сервісы, арыштоўвалі майстроў, што за плату ўсталёўвалі VPN-сервісы на тэлефоны, супрацоўнічалі з замежнымі тэхналагічнымі кампаніямі для сачэння за грамадзянамі ў сеціве.

У 2019 годзе журналісцкае расследаванне «Радыё Азатлык» раскрыла супрацоўніцтва паміж туркменскімі ўладамі і нямецкай кампаніяй «Rohde & Schwarz» для абмежавання свабоды грамадзян у інтэрнэце. Журналісцкія расследаванні, праведзеныя ў 2015 годзе, таксама паказвалі на сувязі туркменскіх улад з іншымі замежнымі кампаніямі для падобных мэт.

Але да гэтага не было вядомых выпадкаў, калі ўлады прымушалі грамадзян прысягаць на якіх-небудзь рэлігійных кнігах пра тое, што яны не будуць карыстацца VPN-сервісамі.

У мінулым туркменаў прымушалі даваць важныя прысягі на кнізе пад назвай «Рухнама». Гэтая кніга з вокладкай зялёнага колеру, як лічылася, была напісана першым прэзідэнтам Туркменістана Сапармурадам Ніязавым.

Аглядальнікі адзначаюць, што ўлады шырока выкарыстоўваюць практыку прымусу грамадзян даваць клятвы ў палітычным жыцці сучаснага Туркменістана. У мінулым прыносіць клятву вернасці Радзіме патрабавалі ад усіх грамадзян, пачынаючы з дзяцей у дзіцячых садках да аксакалаў.

А цяпер улады пачалі звяртацца да практыкі клятвапрынашэння для абмежавання інтэрнэту, каб грамадзяне не карысталіся VPN-сервісамі.

Тым часам Туркменістан застаецца на ніжэйшых пазіцыях рэйтынгаў па свабодзе інтэрнэту сярод краін свету.

Паводле справаздачы, апублікаванай у пачатку жніўня выданнем «Comparitech», якое спецыялізуецца на пытаннях інтэрнэт-тэхналогій, Туркменістан лічыцца адной з найгоршых краін па цэнзуры ў Інтэрнэце — разам з Беларуссю, Іранам, Кітаем, Паўночнай Карэяй і Сірыяй.

У Туркменістане заблакаваныя ўсе папулярныя сацыяльныя сеткі — такія, як Facebook, Twitter, YouTube і іншыя.

Паводле справаздачы выдання top10vpn.com, апублікаванай у жніўні, VPN-паслугі заканадаўча забароненыя толькі ў чатырох краінах свету: Беларусі, Іраку, Паўночнай Карэі і Туркменістане.

Але выданне «Comparitech» адзначае, што ў Туркменістане няма законаў, якія забараняюць выкарыстанне VPN. Зрэшты, па-за залежнасцю ад таго, забараняюць ці не туркменскія законы выкарыстанне VPN, на практыцы ўлады выкарыстоўваюць розныя метады, каб грамадзяне не карысталіся імі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: