Тыбету незалежнасць не патрэбна?

Духоўны лідар тыбетцаў Далай Лама заявіў, што яго суайчыннікам варта адмовіцца ад ідэі незалежнасці на карысць канструктыўнага супрацоўніцтва з Пекінам.

Далай Лама. Фота www.asiarussia.ru

У Франкфурце 22 лістапада падчас сустрэчы моладзевай зборнай Кітая і мясцовага клубу рэгіянальнай лігі меў месца інцыдэнт. Купка актывістаў прабралася на стадыён і ўзняла на трыбунах сцяг Тыбету. У адказ каманда з КНР пакінула поле, вярнуўшыся толькі пасля таго, як сцяг прыбралі.

Матч у выніку скончыўся перамогай кітайцаў, але канчатковы лік ужо нічога не значыў. Паколькі гульню ў прамым эфіры транслявалі ў Кітаі, інцыдэнт са сцягам стаў вядомы ўсім, і, адпаведна, выклікаў міжнародны скандал. Пекін абураўся тым, што актывістам без перашкодаў дазволілі прайсці на стадыён. Берлін казаў пра тое, што заўзятары ў Германіі маюць права выказваць свае погляды. Што тычыцца тыбетцаў, то яны не хавалі радасці ад таго, што нагадалі свету пра ідэю незалежнага Тыбету.

І тут прыйшла здрада. 24 лістапада Далай Лама заклікаў тыбетцаў забыцца на мінулае і пачаць глядзець у будучыню. А будучыня, па словах Далай Ламы, будзе выглядае так: Тыбет застанецца часткай Кітаю, — праўда, будзе вельмі аўтаномным у сферах культуры і кансервацыі сваёй гістарычнай спадчыны.

Перагледзець незалежніцкія канцэпты Далай Ламу, як кажа ён сам, прымусілі глыбокія трансфармацыі ў Кітаі — вынік інтэграцыі Паднябеснай у глабальную эканоміку. Далай Лама таксама лічыць, што на прыярытэтным месцы для тыбетцаў павінна быць выратаванне мясцовай экасістэмы, якую ён называе «трэцім полюсам планеты».

Антынезалежніцкая заява, мякка кажучы, дзіўная з улікам таго, што ўсё папярэдняе жыццё Далай Лама казаў адваротнае: увесь час падкрэсліваў права тыбетцаў мець сваю дзяржаву, у тым ліку і праз высокі кошт акупацыі. Тыбецкія крыніцы сцвярджаюць, што толькі пасля ўключэння краю ў склад КНР 1,2 мільёны з 6 мільёнаў мясцовых жыхароў памерлі або былі забітыя. Гэта не кажучы пра каласальныя культурныя страты: 6000 будысцкіх манастыроў — цэнтры культурна-палітычнага жыцця краю, кітайцы закрылі і разбурылі. І вось нечакана высвятляецца, што пра ўсё гэта цяпер можна спакойна забыцца, каб глядзець у будучыню.

Спіч Далай Ламы — гэта таксама моцны ўдар па прэстыжы міграцыйных структур. Пасля таго, як у 1959 годзе маладому Далай Ламе ўдалося збегчы з Тыбету ў Індыю, у свеце пачаў фармавацца тыбецкі міграцыйны рух. Цяпер тыбецкая эміграцыя — напэўна, найлепшы прыклад таго, што і як павінна рабіць палітычная апазіцыя, якая вымушаная існаваць па-за межамі краіны.

У эміграцыі дзейнічае тыбецкі ўрад, які абірае асамблея, дзе прадстаўленыя тыбецкія дыяспары па ўсім свеце. Прэм’ер ураду кіруе сямю дэпартаментамі, у тым лік Дэпартаментам фінансаў, які распараджаецца шэрагам прадпрыемстваў і трэстаў, штогод фармуе бюджэт урада ў выгнанні, забяспечвае яго бесперабойнае функцыянаванне. Фактычна, 100-тысячная тыбецкая абшчына ў выгнанні ў Індыі ўяўляе сабой «дзяржаву ў дзяржаве», валодае сваімі школамі, бальніцамі і іншашй інфраструктурай.

Уся гэтая дзейнасць была негалосна падпарадкаваная ідэі таго, што ў адзін цудоўны дзень Пекін будзе вымушаны пакінуць Тыбет. Пасля гэтага, як плануецца, эмігранты адразу вернуцца на радзіму і ўзначаляць мясцовую адміністрацыю. Сыходзячы з новай канцэпцыі Далай Ламы, эмігранты павінны адмовіцца ад палітычных аспірацый, прызнаўшы выразнікам волі тыбетцаў марыянеткавы ўрад у Лхасе (сталіцы Тыбецкага аўтаномнага раёну), які цалкам падкантрольны Пекіну.

Ці сапраўды выказванне Далай Ламы стане паваротнай кропкай у гісторыі Тыбету? Наконт гэтага адзінай думкі сярод спецыялістаў няма. Не выключаюць, што Далай Лама гуляе нейкую «шматхадоўку» з Пекінам. Шмат хто звяртае ўвагу на тое, што яго прамова была нашпігаваная кампліментамі на адрас Кітая. Магчыма, лідар тыбетцаў фліртуе з уладамі Паднябеснай, каб вярнуцца да перамоў. Не выключана, што ён прапануе сябе на ролю медыятара ў няпростых індыйска-кітайскіх адносінах, каб узняць свой міжнародны статус.

А вось пра нейкі раскол у тыбецкіх колах пасля скандальнай заявы сапраўды можна казаць. Шэраг арганізацый, напрыклад, жаночых, асцярожна віталі агучаныя тэзісы. Паводле іх словаў, Далай Лама на самай справе яшчэ ў 1976 годзе адмовіўся ад ідэі незалежнасці Тыбету, калі загадаў распусціць вайсковыя структуры тыбецкіх паўстанцаў і стаў на шлях негвалтоўнага супраціву. Праўда, дапускаюць, што аўтаномія тыбетцаў у Кітаі павінна быць больш шырокай, чым цяпер.

Іншая фракцыя ў выглядзе моладзевых арганізацый — абураная. Адно з эмігранцкіх палітычных выданняў піша: «Шмат тыбетцаў былі моцна ўражаныя выказваннем Далай Ламы пра тое, што ён не хоча незалежнасці Тыбету. (…) Паважаны васьмідзесяцігадовы манах не разумее, што ён робіць сур'ёзную гістарычную памылку, праяўляе непавагу на адрас духу тыбетцаў». У тым жа тэксце гучыць заклік працягваць супраціў. «Захоўваючы павагу да Далай Ламы за вялікі ўнёсак, які ён зрабіў для тыбетцаў у мінулым, тыбетцы павінны ветліва сказаць яму, што яны будуць працягваць верыць у справу незалежнай Тыбету і імкнуцца да гэтага», — рэзюмуе аўтар тэксту.

Такім чынам тыбецкі рух, які, дарэчы, інспіраваў шмат незалежніцкіх рухаў у свеце, уваходзіць у нейкую новую, не зразумелую пакуль стадыю. Варта таксама ўзгадаць, што на носе — патэнцыйны крызіс інстытута Далай Ламы (Кітай лічыць, што пасля смерці цяперашняга 82-гадовага Далай Ламы новым тыбецкім духоўным лідарам будзе яго кандыдат). З іншага боку, які б фармат не меў тыбецкі рух у далейшым, само пытанне Тыбету наўрад ці знікне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!