Тысячы людзей выйшлі на Майдан пратэставаць «супраць капітуляцыі»

6 кастрычніка ўкраінцы працягвалі пратэставаць супраць рашэння ўладаў аб лёсе Данбасу паводле «формулы Штайнмаера», паведамляе Радыё Свабода.
На майдане Незалежнасці ў Кіеве актывісты праводзяць акцыю «Спынім капітуляцыю», каб перашкодзіць «любой спробе ўладаў ухваліць рашэнні, якія прывядуць да паразы ў вайне з Расіяй».

Украніская служба Свабоды вядзе жывую трансляцыю з акцыі.

Арганізатары на гэтым тыдні праз сацыяльныя сеткі заявілі, што гэта «грамадская акцыя» і заклікалі не выкарыстоўваць яе ў партыйных інтарэсах.

«Мы высунем уладам ультыматум і абмяркуем стратэгію і план далейшых дзеянняў. Вазьміце з сабой жоўты скоч і жоўтыя стужкі як сімвал адпору капітуляцыі. Акцыя пройдзе выключна пад нацыянальнымі сьцягамі», — заявілі арганізатары.


З чаго пачаліся пратэсты

Пад вечар 1 кастрычніка стала вядома, што Ўкраіна пагадзілася на ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе паводле прапанаванага «нармандзкай чацьвёркай» плану, вядомага як «формула Штайнмаера». Гэта значыць, што ўлады маюць напісаць новы закон пра асаблівы статус Данбасу. У выпадку дэмакратычнага правядзення мясцовых выбараў у «ДНР» і «ЛНР» пад кантролем АБСЕ ўлады Ўкраіны гарантуюць Данецкай і Луганскай абласцям аўтаномны статус.

Гэтае рашэнне спадабалася не ўсім. Некаторыя экспэрты кажуць, што «Ўкраіна прыняла расійскі сцэнар», і называюць гэта «капітуляцыяй» у вайне на Данбасе. Палітычнай згоды няма ў парламенце. Супраць выступіў сярод іншых папярэдні прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Увечары 1 кастрычніка некалькі сотняў пратэстоўцаў выйшлі ў Кіеве на плошчу Незалежнасці, яшчэ каля сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і прыхільнікаў праварадыкальных сілаў у той вечар пікетавалі офіс прэзідэнта, палілі дымавыя шашкі.

Галоўным лозунгам пратэстоўцаў стала «„Не“ — капітуляцыі», хоць прэзідэнт Зяленскі падкрэсліваў, што Ўкраіна не пяройдзе ніводнай «чырвонай лініі» і ні пра якую капітуляцыю ня можа быць гаворкі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!