Тысячы славакаў выйшлі на вуліцы з патрабаваннем датэрміновых выбараў

Пасля забойства журналіста, які расследаваў сувязі прадстаўнікоў уладаў Славакіі з італьянскай мафіяй, славацкія дэманстранты дамагаюцца правядзення пазачарговых выбараў. Пэтыцыю аб гэтым падпісалі ўжо 80 000 чалавек.

Праз два месяцы пасля забойства славацкага журналіста-даследчыка Яна Куцыяка тысячы людзей зноў выйшлі ўвечары ў пятніцу, 27 красавіка, у Браціславе на антыўрадавую дэманстрацыю. Па дадзеных СМІ, у акцыі прынялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек.

Галоўнае патрабаванне маніфестантаў — правядзенне датэрміновых выбараў. Ужо зробленай замены некалькіх членаў урада недастаткова, каб вярнуць давер насельніцтва да дзяржаўных інстытутаў, заявілі арганізатары, якімі выступілі шэраг грамадзянскіх ініцыятываў. Паводле іх інфармацыі, петыцыю аб правядзенні датэрміновых выбараў ужо падпісалі 80 тысяч славакаў, подпісы збіралі і на цяперашняй дэманстрацыі. Чарговыя парламенцкія выбары павінны прайсці толькі праз два гады.

Хваля пратэстаў у Славакіі паднялася пасля таго, як 25 лютага былі застрэленыя журналіст-даследчык Ян Куцыяк і яго нявеста. У адным са сваіх апошніх матэрыялаў, які быў апублікаваны ўжо пасля забойства, Куцыяк абвінаваціў набліжаных прэм'ер-міністра Роберта Фіцо ў цесных сувязях з італьянскімі прадпрымальнікамі, якія, у сваю чаргу, былі звязаны з мафіяй. Фіцо адхіліў гэтыя абвінавачванні.

Пасля масавых пратэстаў у краіне ў адстаўку сышлі сам Фіцо, два яго памочніка, кіраўнік МУС, шэф паліцыі, а таксама міністр культуры, які фармальна курыруе журналістаў у краіне.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: