У ААЭ дазволяць ужываць алкаголь і жыць па-за шлюбам

Улады Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) анансавалі папраўкі да норм ісламскага права, якія дазволяць жыхарам краіны свабодна купляць і ўжываць алкагольныя напоі, сужэнцаваць па-за шлюбам, а таксама абароняць жанчын ад распраў «гонару».


Пра гэта паведамляюць англамоўнае праўладнае выданне The National і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва WAM.

Змены закрануць крымінальную і грамадзянскую сферы правы і закліканы «кансалідаваць прынцыпы талерантнасці ў ААЭ», паведамляе WAM. Паводле звестак The National, папраўкі ўступаюць у сілу неадкладна. Пры гэтым улады не публікавалі канкрэтных указаў і пастаноў у адкрытых крыніцах.

Паводле інфармацыі СМІ, у сямі Эміратах будзе дэкрыміналізаваны продаж алкаголю, а таксама спажыванне і захоўванне спіртазмяшчальных напояў асобамі, старэйшымі за 21 год. Зараз продаж алкаголю ў краіне абмежаваны спецыяльнымі ліцэнзіямі, змененае заканадаўства, як мяркуецца, дасць магчымасць свабодна спажываць піва і моцныя напоі ўсім, у тым ліку паслядоўнікам ісламу.

Яшчэ адна папраўка закліканая дэкрыміналізаваць "сужыццё пар па-за шлюбам". Правапрымяненне ў ААЭ паказвае, што ўлады як правіла не пераследуюць замежнікаў, якія жывуць разам без афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу, аднак пагроза пакарання для іх захоўвалася да гэтага часу. Што тычыцца жанатых экспатскіх пар, шлюбаразводны працэс і працэс падзелу маёмасці і спадчыны ў іх выпадку цяпер будзе адбывацца ў адпаведнасці з нормамі краін іх грамадзянства, а не шарыяту.

Акрамя таго, строга забароненыя шарыятам спробы самагубства таксама больш не будуць крымінальна каральныя.

Анансаваныя змены закрануць і звычай "забойстваў гонару", калі расправа над сваякамі (часцей — жаночага полу) не лічылася злачынствам, калі дзеянні забітага "ганьбілі" гонар сям'і. Цяпер падобныя дзеянні будуць расцэньвацца як забойства або спроба забойства і карацца ў адпаведнасці з законам. Арабскія выданні кажуць аб гэтым кроку як аб імкненні ўладаў «абараніць правы жанчын». The National запэўнівае, што праваахоўнікі цяпер будуць караць мужчын за дамаганні, уключаючы так званы вулічны харассмент і сталкінг, гэта значыць непажаданае сачэнне.

Папраўкі анансаваныя на фоне нармалізацыі адносін паміж Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і Ізраілем пры пасярэдніцтве ЗША, а таксама напярэдадні сусветнай выставы ў Дубаі, запланаванай на 2021 год. Да пандэміі каронавіруса ўлады ААЭ разлічвалі прыняць каля 25 млн турыстаў на ЭКСПА.

Пераважная большасць жыхароў ААЭ (85% насельніцтва) — замежнікі. Папраўкі дазволяць ім пазбегнуць пакарання па нормах ісламскага права. Пры гэтым названыя змены ніяк не датычацца прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, якім за сексуальную актыўнасць у краіне пагражае турэмнае зняволенне або смяротнае пакаранне.

Паводле novayagazeta.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: