У Афганістане два кандыдаты абвясцілі сябе «прэзідэнтамі»

Прэм'ер-міністр Абдула Абдула не прызнаў перамогу на выбарах дзейнага прэзідэнта Ашрафа Гані.

Перамога Ашрафа Гані (на фота — у цэнтры) была прызнана сусветнай супольнасцю

У сталіцы Афганістана Кабуле прайшлі адразу дзве цырымоніі ўступлення на пасаду прэзідэнта краіны, паведамляе ў панядзелак, 9 сакавіка, korrespondent.net.

Так, у прэзідэнцкім палацы прысягу прыняў дзейны кіраўнік дзяржавы Ашраф Гані. У суседнім палацы адначасова адбывалася інаўгурацыя прэм'ер-міністра Абдулы Абдулы, які абвясціў пра сваю перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.

Прэзідэнцкія выбары ў Афганістане адбыліся 28 верасня мінулага года. Канчатковыя вынікі былі абвешчаныя праз пяць месяцаў — 18 лютага. Паводле заявы кіраўніка Выбарчай камісіі краіны Хавы Алам Нурыстані, Ашраф Гані перамог на выбарах, атрымаўшы 50,64% галасоў выбаршчыкаў. Яго перамога была прызнана сусветнай супольнасцю.

Другое месца з 39,52% галасоў, паводле афіцыйных дадзеных, заняў кіраўнік выканаўчай улады Абдула Абдула. Ён адмовіўся прызнаць вынікі выбараў і плануе сфарміраваць свой уласны ўрад.

Фарміраванне двух паралельных урадаў у Афганістане праходзіць на фоне запланаваных перамоваў Кабула з радыкальным рухам "Талібан". Прадстаўнікі руху 29 лютага падпісалі пагадненне пра перамір'і з ЗША.

Дакумент прадугледжвае вывад вайскоўцаў міжнароднай кааліцыі з краіны. Талібы абавязаліся не хаваць на падкантрольных тэрыторыях тэрарыстаў і правесці перамовы аб урэгуляванні сітуацыі з урадам Афганістана.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: