У Амстэрдаме адкрылася выстава беларускага пратэснага мастацтва

Яна месціцца ў самым сэрцы сталіцы Нідэрландаў, у вядомай выставачнай прасторы «Arti et Amicitiae» і будзе доўжыцца да 7 лістапада.
Ці маглі беларусы Нідэрландаў яшчэ пару месяцаў таму марыць пра выставу, прысвечаную сіле духу нашых людзей? Аб тым, што менавіта такім спосабам мы будзем распавядаць тут аб сабе, падзеях апошніх месяцаў і аб тым, што мы адчуваем? Ці думалі, што галандцы будуць шчыра цікавіцца і пранікацца гісторыяй беларускага супрацьстаяння?

Наведвальнікі праходзяць па кожным зале і вывучаюць гісторыю пратэстаў. На выставе — працы больш за 60 розных мастакоў з розных куткоў Беларусі і свету. Тут і вядомы калаж з Евай Юлі Шаўчук, і перфоманс «Здабытак» Надзі Саяпінай, і графіці Лены Давідовіч «Змагайся як дзяўчынка», і праект Яўгена Адцэцкага «Плошча перамен», і вядомыя і так упадабаныя многім працы Руфіны Базловай пра гісторыю беларускай «выжыванкі».

Цэлая сцяна платформы «Cultprotest.me» паказвае дзясяткі пратэстных постэраў і плакатаў, а перфоманс гурта «Бергамот» апускае ў рэаліі затрыманняў. У невялікім пакоі з цьмяным святлом — інтымныя малюнкі Надзі Саяпінай і Вікі Багдановіч з месцаў часовага ўтрымання. Асобны пакой — той, у якім страшна затрымацца, але так важна пабыць — перфоманс «Твая камера», прысвечаны нечалавечым умовам утрымання затрыманых у першыя дні пасля выбараў. Асобны пакой, прысвечаны вулічнаму мастацтву і пратэстным вокнам і дамам, асабліва дзівіць наведвальнікаў — у ім дзесяткі фатаграфій вулічных графіці, пратэстных вокнаў і двароў з усёй Беларусі.

Галандка Міріям, піяр-менеджэр «Arti et Amicitiae», кажа, што ўсе гэтыя працы вельмі кранулі яе сэрца, што гэта асаблівы дзень для яе. Ніна, мастачка і перакладчык паэзіі з Грузіі, прыходзіць падрыхтаванай, чытае вершы Дзмітрыя Строцава на галандскім і выступае са словамі падтрымкі ўсім беларусам. Дзяўчынкі-валанцёры, многія з якіх не ведалі адзін аднаго да гэтага лета (так, як у песні), праводзяць экскурсіі на англійскай, галандскай і рускай мовах для наведвальнікаў з самых розных краін.

«Што гэта ўсё, калі не магія моманту, часу, які прыйшоў, гісторыі, што падымае цябе на сваіх моцных руках? Немагчыма гэтаму супраціўляцца. Ёсць перыяды, калі таму, што акумулявалася гадамі, дзесяцігоддзямі, а можа, і стагоддзямі, прыходзіць час раскрыцца, заквітнець, выйсці з ценю... Звычайна гэта адбываецца для чагосьці большага, выклікае ланцуговую рэакцыю, становіцца рухаючай сілай для выхаду на новы віток. Нас падымае нейкая вітальная сіла, мы адчуваем адзін аднаго па-за адлегласцяў і сцен. Усё атрымаецца. Здаецца, гэта не толькі пра беларусаў, гэта пра свет. Чалавек чалавеку чалавек,» — піша пра свае ўражанні ад выставы Даша Міцкевіч.

Над выставай працавалі мастакі, актывісты і валанцёры беларусы ў Нідэрландах: куратары і мастакі Лена Давідовіч, Таша Арлова і Ганна Адзінец; дызайнер выставы Даша Ахрамейка; куратары платформы «Cultprotest.me» Максім Тымінько і Сяргей Шабохін, дызайн плакатаў Сяргей Церасюк, Паліна Цітова і Кацярына Канавалава, вытворчасць выставы Грэгор'яў Пятровіч, Уладзімір Кляўко, Наталля воўк, Ігар воўк, а таксама многія іншыя-валанцёры-гіды, перакладчыкі, журналісты, і проста неабыякавыя людзі. Праект быў рэалізаваны сродкамі беларускай дыяспары ў Нідэрландах і пры падтрымцы «Het Actiefonds» і платформы «StandByArt».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: