У Багдадзе ў выніку ракетнага ўдару ЗША забіты генерал Касім Сулеймані

Камандуючы спецпадраздзяленнем Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі «Эль-Кудс» генерал Касім Сулеймані быў забіты ў выніку ракетнага ўдару, нанесенага амерыканскай авіяцыяй. Загад аб забойстве Сулеймані аддаў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Каля аэрапорта Багдада адбыліся выбухі. Фота: aljazeera.net

Ракетныя ўдары, у выніку якіх загінуў Сулеймані, нанесеныя па цэлях, што былі размешчаныя каля аэрапорта Багдада. Улады Ірана заявілі, што разам з Сулеймані загінуў намеснік камандуючага Сіламі народнай мабілізацыі Ірака Абу Махдзі аль-Мухандзіс.

Загад аб ліквідацыі іранскага генерала Касіма Сулеймані выдаў асабіста прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Пра гэта ў пятніцу, 3 студзеня, паведамляе The New York Times. Забойства Сулеймані, гаворыцца ў заяве Пентагона, было здзейсненае «для абароны амерыканскага персаналу за мяжой», каб прадухіліць «плануемыя Іранам напады». «Генерал Сулеймані актыўна распрацоўваў планы нападу на амерыканскіх дыпламатаў і службоўцаў у Іраку і ва ўсім рэгіёне. Ён і яго спецпадраздзяленне “Эль-Кудс” адказныя за гібель сотняў і раненні тысяч прадстаўнікоў амерыканскіх і кааліцыйных службаў», — прыводзіць выданне заяву Пентагона.

Духоўны лідар Ірана аятала Хаменеі паабяцаў, што «злачынцаў, датычных да забойства Сулеймані, чакае жорсткая помста».

Падраздзяленне «Эль-Кудс», якое ўзначальваў Сулеймані, спецыялізуецца на правядзенні аперацый за межамі Ірана.

Каля амерыканскай амбасады ў Багдадзе 31 снежня прайшла масавая акцыя пратэсту з-за авіяўдару ВПС ЗША па лагеры аднаго з шыіцкіх узброеных фарміраванняў. Акцыя пратэсту перарасла ў беспарадкі, дэманстранты паспрабавалі прарвацца ў амбасаду. Дыпмісія ЗША была вымушаная абвясціць аб прыпыненні консульскай працы і адмене ўсіх запланаваных мерапрыемстваў.

Паводле meduza.io, korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: