У Баўгарыі працягваюцца антыўрадавыя пратэсты

Некалькі сотняў чалавек пратэставалі ў Сафіі 25 ліпеня супраць ураду Баўгарыі, нягледзячы на змену некалькіх урадавых міністраў, перадае Свабода.

Пратэстоўцы крычалі «Адстаўка!» і «Мафія!». Некаторыя закідвалі будынак Савета Міністраў у цэнтры сталіцы памідорамі і рулонамі туалетнай паперы.

Акцыі доўжацца 17 дзён запар. Яны не спыніліся нават пасля таго, як прэм’ер-міністар Бойка Барысаў змяніў чатырох міністраў у сваім урадзе. 23 ліпеня ён звольніў міністраў фінансаў, унутраных справаў і эканомікі, абвінаваціўшы ў тым, што яны служылі інтарэсам уплывовага бізнэсоўца і медыямагната Дэлана Пееўскага, які звязаны з апазіцыйным Рухам за правы і свабоды (DPS). Пазней стала вядома пра звальненне міністра турызму.

Пратэсты пачаліся пасля таго, як 9 ліпеня Генеральная пракуратура Баўгарыі абшукала штаб прэзідэнта Румэна Радзева. Пратэстоўцы ацанілі ператрусы як напад ураду і генеральнага пракурора на прэзідэнта.

Ператрус адбыўся пасля таго, як прэзідэнт заявіў, што Нацыянальная служба абароны, якая адказвае за абарону вышэйшых службовых асобаў краіны, павінная спыніць абараняць аднаго з самых уплывовых баўгарскіх людзей і ганаровага лідара Руху за правы і свабоды Ахмэда Догана.

Акрамя таго, пратэстоўцы раззлаваліся на забарону Нацыянальнай службы абароны наведваць публічны пляж на ўзбярэжжы Чорнага мора побач з лецішчам Догана.

Паводле ўдзельнікаў акцыі, іх задаволіць толькі поўная адстаўка ўраду. Радзеў у сваю чаргу выказаўся ў іхнюю падтрымку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: