У цэнтры Берліна разбілі пратэстны лагер у падтрымку Навальнага

Актывісты плануюць заставацца перад Брадэнбургскай брамай адзін месяц, заклікаючы вызваліць расійскіх палітвязняў.
Перад Брадэнбургскай брамай у Берліне актывісты разбілі намётавы лагер у падтрымку расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які адбывае турэмны тэрмін ва Уладзімірскай вобласці. Мяркуецца, што «лагер дэмакратыі» будзе заставацца ў цэнтры нямецкай сталіцы на працягу аднаго месяца, перадае ў суботу, 10 красавіка, агенцтва dpa. Арганізатарам акцыі з'яўляецца аб'яднанне Unkremlin, якое знаходзіцца ў працэсе арганізацыі.

Актывісты патрабуюць вызвалення Навальнага і ўсіх астатніх палітычных зняволеных у Расіі. На плакатах, у прыватнасці, напісаны патрабаванні «спыніць пуцінскі тэрор», спыніць рэалізацыю праекта «Паўночны паток - 2» і «пазбавіць ліцэнзіі тэлеканал RT».

Паводле звестак арганізатараў, у бліжэйшыя дні ў пратэстным лагеры выступяць шэраг прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, у тым ліку журналістка і палітычная актывістка Вольга Раманава.

Навальны галадае з 31 сакавіка

Аляксей Навальны, які адбывае рэальны тэрмін у ВК-2 ў Пакрове, з 31 сакавіка трымае галадоўку ў знак пратэсту супраць нядопуску да яго лекараў. 5 красавіка стала вядома аб пераводзе Навальнага ў медыка-санітарную частку з моцным кашлем і падвышанай тэмпературай. Па словах яго адваката Вольгі Міхайлавай, у палітыка выяўлены 2 міжхрабтовыя кілы, а рукі пачалі губляць адчувальнасць.

ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і балтыйскія краіны апублікавалі зварот да расійскіх уладаў з заклікам забяспечыць палітыка належным медыцынскім абслугоўваннем і дазволіць яму мець зносіны з адвакатам. Захад паўтарыў заклік неадкладна і безумоўна вызваліць палітыка і правесці поўнае расследаванне атручвання яго ў Расіі баявым атрутным рэчывам сямейства «Навічок».

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: