У Чачні пракаментавалі публікацыю «Новай газеты» пра пакаранне

Міністр Чачні па нацыянальнай палітыцы, знешніх сувязях, друку і інфармацыі Джамбулат Умараў назваў «хлуснёй публікацыю Новай газеты» аб масавых пакараннях у Грозным ў ноч на 26 студзеня. Пра гэта паведамляе «Дождж».
«Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што гэта не падмацаваная ніякімі довадамі, крыніцамі і доказамі хлусня, якая мае цалкам вызначаную і вельмі яркую палітычную афарбоўку. Я заўсёды пра гэта казаў і паўтараю ў чарговы раз», — заявіў ён.

Умараў дадаў, што разглядае матэрыял у «Новай газеце» як «чарговую порцыю дэзінфармацыі, якая накіравана супраць Чачэнскай Рэспублікі».

9 ліпеня «Новая газета» апублікавала імёны 27 чалавек, якіх расстралялі ў Чачні без прад'яўлення абвінавачванняў. Аднак, па звестках «Новай газеты», размова можа ісці аб 56 жыхарах Рэспублікі. Усе гэтыя людзі былі затрыманыя ў розны час, але дата смерці ў іх адна — ноч з 25 на 26 студзеня.

У гэтую ноч усе затрыманыя ўтрымліваліся ў Грозным на тэрыторыі дыслакацыі палка патрульна-паставой службы паліцыі імя Героя Расіі Ахмат-Хаджы Кадырава. Па наяўнай інфармацыі, іх расстралялі і развезлі па розных могілках, у тым ліку хрысціянскіх, і закапалі ў спехам выкапаных магілах. Вывучэнне спісаў затрыманых сведчыць аб тым, што рашэнне аб забойстве прымалася спантанна.

Па дадзеных «Новай газеты», у той час на тэрыторыі ППС знаходзіліся першы намеснік міністра МУС па ЧР Апці Алаўдзінаў, камандзір СОБРа «Церак», начальнік асабістай аховы кіраўніка Чачні Абузейд Вісмурадаў, камандзір ППСП ім. А. Кадырава Аслан Ірасханаў і начальнікі ОМВД Расіі па Чачні тых раёнаў, у якіх былі зарэгістраваныя затрыманыя.

«Новая газета» настойвае на ўзбуджэнні крымінальнай справы, у рамках якой можна будзе праверыць дакладнасць пазначаных фактаў.


Паводле novayagazeta.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!