У чаканні тэсту на сапраўднае яўрэйства

Амерыканскія яўрэі патрабуюць ад афіцыйнага Вашынгтону прыпыніць падтрымку Ізраіля, калі ў складзе будучай урадавай кааліцыі з’явіцца партыя «Моцны Ізраіль».

Міністр унутраных спраў Ізраіля ў кабінеце Біньяміна Нетаньяху заявіў, што яўрэі — выхадцы з экс-СССР павінны будуць здаваць тэст ДНК на яўрэйства. Да гэтага кроку ўладу здаўна заклікалі радыкалы і аўтарытэтныя ізраільскія рабіны. Апошнія, дарэчы, ужо пачалі адмаўляцца праводзіць шлюбныя цырымоніі без адпаведнай даведкі з медычнай лабараторыі.

З навуковага пункту гле­джання, з тымі аналізамі ДНК яшчэ шмат незразумелага. Аднак рэпатрыянты, асабліва з былога СССР, напружыліся ад такіх навінаў. І не толькі яны, бо радыкалы мараць правяраць не толькі будучых рэпатрыянтаў. Пад праверку, на іх думку, таксама павінны патрапіць тыя, хто раней прыехаў у Зямлю Запаветную. Лічыцца, што сярод мігрантаў з СНД прыкладна 400 тысяч атрымалі ізраільскі пашпарт па падробленых дакументах. Сапраўды, у бурлівыя 1990-я гады ў нашых шыротах за адпаведную суму можна было набыць любую паперку.

Тое, што хутка ў Ізраілі мо­гуць пачаць праводзіцца масавыя генетычныя тэсты, тлумачыцца асаблівасцямі палітычнага моманту. У красавіку выбаршчыкаў запросяць на датэрміновыя выбары ў Кнесет. Каб захаваць прэм’ерскую пасаду, Нетаньяху патрэбна абысці аб’яднанне левацэнтрыстаў, якія пакуль захоўваюць лідарства. Неабходную перавагу вырашана забяспечыць за кошт альянсу з правымі і клерыкальнымі структурамі, якім на перспектыву прыходзіцца абяцаць усё, што яны пажадаюць.

Найбольш негатыву ў грамадскасці выклікае прысутнасць у згаданай кааліцыі партыі «Моцны Ізраіль», якая паўстала ў 2012 годзе. Партыя належыць да правага флангу ізраільскага палітычнага спектру. Як вынік, ёй уласцівыя антыарабскія лозунгі, заклікі пашырыць каланізацыю палесцінскіх земляў, узмацняць выкладанне рэлігіі ў школах. Аднак «Моцны Ізраіль» ідзе далей — і патрабуе нават дэпартацыі з Ізраіля асобаў, якія нелаяльныя да дзяржавы. Прычым, нелаяльнасць тлумачыцца вельмі шырока. Напрыклад, усім арабам-рэзідэнтам Іерусаліма партыя прапануе пакінуць горад, паколькі гэта супярэчыць запаветам Торы.

Фота www.evreimir.com


Нельга не ўзгадаць незвычайную ініцыятыву партыі супраць маладых палесцінцаў, якія любяць кідаць камяні ў яўрэйскіх каланістаў. Увосень мінулага года «Моцны Ізраіль» абвясціў пра план ідэнтыфікацыі і арышту ўсіх (!) асобаў, якія кідалі тыя камяні, і іх прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Партыя запланавала здымаць доказы з дапамогай беспілотнікаў, якімі павінны былі кіраваць навучаныя валанцёры. Навучанне добраахвотнікаў і купля беспілотных лятальных апаратаў былі аплачаныя з дапамогай паспяховай кампаніі краўдфандынгу.

Дыскрэдытуе Нетаньяху і тое, што яго саюзнікі з «Моцнага Ізраілю» звязаныя з парамілітарнай групоўкай Kahanist Kach. Апошняя ў свой час планавала забойства кіраўнікоў палесцінскіх муніцыпалітэтаў, і нават падрыў Аль-Аксы — адной з самых шанаваных у мусульманскім свеце мячэцяў, што знаходзіцца ў Іерусаліме. На рахунку яе баявікоў — забойствы простых вулічных гандляроў. Адзін з былых лідараў Kahanist Kach цяпер узначальвае выбарчы спіс «Моцнага Ізраіля».

Перадвыбарчыя віражы Нетаньяху вельмі не спадабаліся за акіянам. Яго нават раскрытыкаваў Амерыкана-ізраільскі камітэт па сувязях з грамадскасцю (AIPAC), які лічыцца самай уплывовай лабісцкай яўрэйскай групоўкай у Злучаных Штатах. Пазней да AIPAC далучылася не менш паважаная структура — Амерыканскі яўрэйскі камітэт (AJC). «AJC звычайна не каментуе палітычныя партыі і кандыдатаў падчас выбараў», — гаворыцца ў заяве камітэта, але дадаецца, што «вядучыя ізраільскія партыі павінны ўстрымлівацца ад саюзу з правымі радыкаламі». Часам у публікацыях ліберальных ізраільскіх медыя, якія каментуюць сітуацыю, можна сустрэць такі незвычайны тэрмін, як «яўрэйскі фашызм». Выказалі салідарнасць на адрас AIPAC і AJC і шматлікія яўрэйскія арганізацыі Еўропы. Відавочна, яны негалосна звязваюць рост антысемітызму ў краінах ЕС са знешнім іміджам Ізраіля.

З іншага боку, Нетаньяху пакуль ігнаруе крытыку на свой адрас. З улікам гэтага можна думаць, што «Моцны Ізраіль» сапраўды мае шанец стаць сябрам наступнага ізраільскага кабінету. Ці сапраўды амерыканска-ізраільскі саюз будзе разбураны пасля 8 красавіка, калі адбудуцца выбары? З улікам традыцыйна моцных амерыканска-ізраільскіх сувязяў і ролі Ізраіля ў стратэгіі ЗША на Блізкім Усходзе, у такі сцэнар верыцца слаба. Хаця штосьці ў адносінах паміж саюзнікамі сапраўды можа змяніцца.

Спачатку Нетаньяху трэба выйграць выбары. І зрабіць гэта будзе цяжка, хаця б таму, што 400 тысяч «ліпавых» ізраільцян, якім дакладна не захочацца рабіць тэст ДНК на яўрэйства, будуць галасаваць супраць цяперашняга прэм’ера.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!