У Чэхіі пачалі закрываць гарады з-за каронавіруса

У Чэхіі зафіксавана менш за 300 выпадкаў каронавіруса, аднак у краіне ўвялі агульнанацыянальны каранцін.

У Оламаўцкім краі Чэхіі ў панядзелак, 16 сакавіка, закрылі на двухтыднёвы каранцін гарады Літавел і Унічаў, а таксама 20 вёсак. Пра гэта паведаміў кіраўнік краю Ладзіслаў Оклештэк.

"Закрыццё гэтых населеных пунктаў выклікана хуткім і шырокім распаўсюджваннем у рэгіёне захворванняў каронавірусам, на раніцу панядзелка зарэгістравана 33 такія выпадкі. Забаронены рух людзей унутры гэтых населеных пунктаў, за выключэннем наведвання месца працы, а таксама харчовых крамаў і аптэк", — сказаў Оклештэк.

Паводле яго слоў, закрытыя населеныя пункты будуць забяспечаныя ўсімі неабходнымі таварамі, ад харчавання да лекаў.

На ўездах у гэтыя гарады і вёскі дзяжураць патрулі паліцыі, што кантралююць сітуацыю.

Усяго ў Чэхіі зафіксавана 298 выпадкаў захворванняў каронавірусам.

Напярэдадні ўрад краіны прыняў рашэнне ўвесці агульнанацыянальны каранцін.

Як вядома, цяпер Еўропа стала цэнтрам пандэміі каронавіруса. У гэтым рэгіёне фіксуецца большасць новых выпадкаў захворвання.

Паводле korrespondent.net


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: