У Дзяржаўнай думе Расіі хочуць пазбавіць прыхільнікаў Навальнага выбарчага права

На разгляд дэпутатаў Дзяржаўнай думы вынесены законапраект, які забараняе ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах тым, хто «мае дачыненне да дзейнасці грамадскага або рэлігійнага аб’яднання, а таксама іншай арганізацыі, прызнаных судом экстрэмісцкімі або тэрарыстычнымі».


У дакуменце пазначана, што забарона будзе пашырацца амаль на ўсіх удзельнікаў такой арганізацыі — ад заснавальнікаў да шараговых супрацоўнікаў, якія працавалі ў ёй за тры або адзін год да таго, як суд вырашыў забараніць або ліквідаваць аб’яднанне, перадае «Радыё Свабода».

Згодна з законапраектам, кіраўнікі такіх арганізацый не змогуць выбірацца дэпутатамі цягам пяці гадоў, а супрацоўнікі — цягам трох гадоў пасля таго, як уступіла ў сілу рашэнне суду аб забароне або ліквідацыі арганізацыі.

Дэпутаты прапанавалі пашырыць забарону і на «іншых асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці такіх арганізацый». Тым, хто даваў грашовыя сродкі, аказваў маёмасную, кансультацыйную або іншую дапамогу арганізацыі за год да яе забароны, будзе забаронена балатавацца на працягу трох гадоў.

Леанід Волкаў, паплечнік Аляксея Навальнага, лічыць, што законапраект распрацаваны спецыяльна супраць каманды апазіцыянера і тых, хто яе падтрымлівае. Паводле яго ацэнкі, забарона можа закрануць больш за 200 тысяч чалавек, якія рабілі ахвяраванні камандзе Навальнага.

«Ахвяраваў нам хоць бы капейку на працягу апошняга году, працаваў каардынатарам штаба Навальнага на працягу апошніх трох гадоў — табе нельга балатавацца ў Дзярждуму. Гэта адкрытае абмежаванне правоў соцень тысяч людзей, сапраўдны фашызм», — так ацаніў законапраект Леанід Волкаў.

Пракуратура запатрабавала прызнаць фонды і штабы прыхільнікаў Навальнага экстрэмісцкімі 16 красавіка — калі апазіцыянер трымаў у калоніі галадоўку, а яго прыхільнікі рыхтавалі вялікі мітынг у яго абарону. Паводле сцверджанняў ведамства, паплечнікі Навальнага хочуць «стварыць умовы для змены асноў канстытуцыйнага ладу, у тым ліку з выкарыстаннем сцэнару "каляровай рэвалюцыі"». Суд пачаў папярэдні разгляд справы аб унясенні ў спіс экстрэмісцкіх арганізацый ужо ўнесенага ў пералік замежных агентаў Фонду барацьбы з карупцыяй.

26 красавіка пракуратура Масквы прыпыніла дзейнасць штабоў Навальнага да рашэння суду паводле пазову аб прызнанні іх экстрэмісцкімі, пасля чаго штабы закрыліся.

30 красавіка Федэральная служба фінансавага маніторынгу («Росфинмониторинг») унесла грамадскую арганізацыю «Штабы Навальнага» ў пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў. Юрыдычна такой арганізацыі не існуе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: