У Егіпце тэрарысты напалі на мячэць. Загінулі як мінімум 184 чалавекі

Баевікі напалі на мячэць у егіпецкай правінцыі Паўночны Сінай. Яны зладзілі выбух і страляніну падчас пятнічнай малітвы.

Мячэць, на якую зрабілі напад баевікі, размешчаная на захад ад горада Эль-Арыш. Фота EPA

У выніку тэракту загінулі як мінімум 184 чалавекі, перадае дзяржаўнае тэлебачанне Егіпта. Яшчэ больш за 120 чалавек атрымалі раненні.

Выбух адбыўся ў мячэці Аль-Раўда ў 40 кіламетрах ад адміністрацыйнага цэнтра Сіная — горада Эль-Арыш. Як мяркуецца, спачатку тыя, хто нападаў падарвалі бомбу, а потым адкрылі страляніну па верніках.

Як піша “Асашыэйтэд прэс”, баевікі пад'ехалі да мячэці на чатырох пазадарожніках і распачалі страляніну. Зараз сілы егіпецкага міністэрства ўнутраных спраў шукаюць злачынцаў.

Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах Сісі ў сувязі са здарэннем склікаў нараду сілавых ведамстваў.

Пакуль ні адна групоўка не ўзяла на сябе адказнасць за напад.

 Як адзначае “Франс прэс”, ахвярамі нападу сталі мірныя жыхары, а таксама прызыўнікі, якія прыйшлі на пятнічную малітву.

Прадстаўнік мясцовага бедуінскіх апалчэння, якое супрацьстаіць групоўцы "Ісламская дзяржава", распавёў “Франс прэс”, што мячэць, на якую напалі тэрарысты, вядомая як месца збору паслядоўнікаў суфізм — ісламскай плыні, у якой ісламскія фундаменталісты ўгледжваюць элементы ідалапаклонства.

У апошнія гады ў Егіпце пачасціліся атакі джыхадзістаў. Колькасць тэрактаў ўзрасла пасля таго, як у ліпені 2013 года ўзброеныя сілы зрынулі прэзідэнта Махамеда Мурсі. За мінулыя чатыры гады ахвярамі выбухаў сталі сотні паліцэйскіх, вайскоўцаў і мірных жыхароў. Большай часткай акцыі былі арганізаваны "Вілаят Сінай" — групоўкі, набліжанай да "Ісламскай дзяржавы".

У верасні гэтага года баевікі гэтай групоўкі зладзілі засаду на паліцэйскую калону непадалёк ад Эль-Арыш і забілі 18 чалавек.

Мішэнню нападаў джыхадзістаў у Егіпце часта аказваецца хрысціянская меншасць Егіпта — копты. "Вілаят Сінай" таксама ўзяла на сябе адказнасць за выбух расійскага самалёта з турыстамі ў 2015 годзе, калі загінулі 224 чалавекі.

Паводле ВВС


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: