У Facebook прызналі праслухоўванне размоў карыстальнікаў

Для расшыфроўкі галасавых паведамленняў карыстальнікаў сэрвісаў, якія належаць Facebook, былі задзейнічаныя сотні старонніх кампаній. Канцэрн прызнаў гэта ў адказ на запыт агенцтва Bloomberg.
Dominic Lipinski, PA Wire/PA Images

Dominic Lipinski, PA Wire/PA Images

Канцэрн Facebook карыстаўся паслугамі старонніх кампаній для расшыфроўкі аўдыёпаведамленняў сваіх карыстальнікаў. Гэты факт прадстаўнікі найбуйнейшай у свеце сацсеткі прызналі ў заяве, вытрымкі з якой апублікавала інфармагенцтва Bloomberg позна ўвечары ў аўторак, 13 жніўня.

Па словах прадстаўнікоў Facebook, праслухоўка і запіс размоваў карыстальнікаў праводзілася толькі са згоды апошніх і больш не практыкуецца ў сацсетцы. «Як і кампаніі Google і Apple, мы спынілі аналізаваць аўдыёзапісы размоваў карыстальнікаў больш за тыдзень таму», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве кампаніі. Згодна з дакументам, з дапамогай расшыфроўкі ананімных аўдыёпаведамленняў з чата службы Messenger кампанія правярала эфектыўнасць працы сваёй праграмы-робата.

Мэтай збору інфармацыі пры гэтым было павышэнне адпаведнасці рэкламных аб'яў і інфармацыйных прапаноў патрэбам карыстальнікаў.

Карыстальнікі Facebook не ведалі аб праслухоўванні іх паведамленняў трэцімі асобамі


У той жа час супрацоўнікі кампаній, якія займаліся расшыфроўкай галасавых паведамленняў, заявілі агенцтву Bloomberg, што ім не паведамлялася ні паходжанне запісаў, ні мэты, для якой яны расшыфроўваліся. Часам гэта былі размовы асабістага характару з вульгарнай лексікай, гаворыцца ў паведамленні. Пры гэтым Facebook не паведамляў сваім карыстальнікам аб тым, што запісы іх размоў могуць трапіць у рукі трэціх асоб.

У красавіку 2018 года кіраўнік Facebook Марк Цукерберг назваў абвінавачванні ў тым, што кампанія праслухоўвае размовы карыстальнікаў, «тэорыяй змовы». «Гэтым мы не займаемся», — заявіў тады Цукерберг.

У канцы ліпеня 2019 года канцэрн Facebook быў аштрафаваны ў ЗША ведамствам па абароне правоў спажыўцоў на пяць мільярдаў долараў за парушэнне загадаў па абароне асабістых дадзеных.

dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!