У Францыі афіцыйна прыпынілі павышэнне коштаў на паліва

У Францыі на паўгода прыпыняць рашэнне аб павышэнні коштаў на гаручае пасля масавых пратэстаў у краіне. Пра гэта афіцыйна абвясціў прэм'ер Францыі Эдуар Філіп.

Паводле Філіпа, краіна не будзе падвышаць кошты на паліва, пакуль ва Францыі не адбудуцца свабодныя дэбаты з гэтай нагоды.

Раней прэзідэнт Макрон наведаў месцы масавых пратэстаў у Парыжы, у прыватнасці, Трыумфальную арку, дзе дэманстранты напісалі лозунгі за адстаўку Макрон.

У Францыі ў сярэдзіне лістапада людзі выйшлі на масавыя пратэсты супраць павышэння коштаў на паліва, а таксама супраць агульнага падзення ўзроўню жыцця. Пратэстоўцы былі незадаволеныя палітыкай Эмануэля Макрона, якога звалі «прэзідэнтам для багатых».

З пачатку пратэстаў «жоўтых камізэлек» загінулі па меншай меры тры чалавекі, сотні пацярпелі, сярод іх ёсць паліцыянты.

Пратэстоўцы зрабілі ў Парыжы некалькі пажараў, у прыватнасці падпальвалі і пераварочвалі аўтамабілі, а таксама білі вітрыны крамаў. Некаторыя з іх былі ўзброены металічнымі дубінкамі і сякерамі.
Карыкатурыст газеты Le Monde пераасэнсаваў карціну Эжэна Дэлакруа «Свабода на барыкадах»

Карыкатурыст газеты Le Monde пераасэнсаваў карціну Эжэна Дэлакруа «Свабода на барыкадах»

Праз крытычна неспакойную сітуацыю ў сталіцы ўлады вырашылі на дзень зачыніць для наведвальнікаў Эйфелеву вежу, а таксама абмяркоўвалі ўвядзенне рэжыму надзвычайнага становішча.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!