У Францыі пабудуюць квартал з драўляных дамоў, вырабленых у Шклове

Афіцыйная цырымонія закладкі першага каменя ў будаўніцтва квартала з беларускіх драўляных дамоў адбылася 15 лістапада ў французскім горадзе Вільрю (рэгіён Латарынгія), паведамілі БелТА ў пасольстве Беларусі ў Францыі.
Плануецца, што праект будаўніцтва 37 дамоў, вырабленых філіялам домабудавання РУП «Завод газетнай паперы» (г.Шклоў) будзе ажыццёўлены на працягу 2018 года. Агульная ж праграма будаўніцтва жылых дамоў з дрэва ў рэгіёне Латарынгія прадугледжвае ўзвядзенне ў бліжэйшыя пяць гадоў 650 дамоў з драўляных канструкцый. У ходзе цырымоніі бакі абмяняліся заключаным кантрактам на экспартную пастаўку дамоў. Пры гэтым французская дэлегацыя мае намер ужо ў бліжэйшы час наведаць Шклоў для правядзення перамоў аб магчымасці далейшага нарошчвання супрацоўніцтва.

Акрамя таго, прадстаўнікі дзвюх краін наведалі г.Окур-Мулен, у якім ужо пабудавана вуліца з 17 беларускіх дамоў. Першыя жыхары заселяцца ў іх у лютым 2018 года.

Як адзначылі ў пасольстве, у цэлым рост паставак прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці Беларусі на рынак Францыі за апошнія дзевяць месяцаў склаў 117%. Такая дынаміка забяспечана дзякуючы павелічэнню экспарту прадукцыі мэблевай прамысловасці і дамоў.


Паводле gomel.today

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!