У Грузіі школьнікам адмянілі выпускныя экзамены

Парламент Грузіі ў панядзелак, 8 красавіка, зацвердзіў у трэцім чытанні заканадаўчую ініцыятыву ўрада аб адмене выпускных экзаменаў для вучняў 11 і 12 класаў школ.



Грузінскія школьнікі вучацца 12 класаў, выпускныя экзамены раней у іх праходзілі ў два этапы: у 11 і 12 класе.

"Ініцыятыву падтрымалі 80 дэпутатаў, а восем — супраць", — заявіў віцэ-спікер парламента Грузіі Георгій Вольскі па выніках галасавання.

Змены ў Закон Аб агульнай адукацыі набудуць моц пасля таго, як папраўкі будуць апублікаваныя на сайце Заканадаўчага весніка Грузіі.

Раней Міністэрства адукацыі Грузіі ў рамках рэформы адмяніла выпускныя экзамены для адзінаццацікласнікаў з 2019 года, а для дванаццацікласнікаў — з 2020 года. Гэтае рашэнне выклікала незадаволенасць у выпускнікоў 12-х класаў грузінскіх школ, яны планавалі правядзенне маштабнай акцыі з патрабаваннем, каб міністэрства адукацыі адмяніла для іх экзамены ўжо ў 2019 годзе. Прэм'ер-міністр Грузіі Мамука Бахтадзе заявіў, што з 2019 года выпускныя экзамены будуць адменены для вучняў 11 і 12 класаў.

Паводле telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!