У Іране студэнты выйшлі на акцыі пратэсту з-за збітага самалёта

Увечары 11 студзеня сотні людзей выйшлі ў Тэгеране на акцыю пратэсту ля ўніверсітэта імя Аміра Кабіра, а таксама перад будынкам Тэгеранскага ўніверсітэта, перадае іранская служба Радыё Свабода / Радыё Фарда.

У асноўным гэта былі студэнты абедзвюх ВНУ, яны патрабавалі пакараць вінаватых у крушэнні самалёта "Міжнародных авіяліній Украіны", у якім загінулі 176 чалавек. Раніцай таго ж дня ўлады Ірана прызналі, што ён быў збіты ракетай, выпушчанай ваеннымі Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР).

Паводле афіцыйнай версіі прадстаўнікоў КВІР, ваенныя нібыта прынялі самалёт за крылатую ракету, таму што ён падляцеў занадта блізка да іх базы.

Як перадаюць відавочцы з месца, пратэстоўцы скандуюць: "Хлусы, хлусы!", "Ганьба Вартавым Ісламскай рэвалюцыі, пакіньце нашу краіну ў спакоі" і "Далоў дыктатара!"

Пратэстуючых атачылі прадстаўнікі сілавых структур на матацыклах, некаторыя блогеры паведамляюць у сацсетках, што адбыліся сутыкненні з паліцыяй, а сілавікі ўжылі для разгону натоўпу светлашумавыя гранаты.

Агенцтва Irna паведамляе, што пратэстоўцы нясуць свечкі і кветкі ў памяць аб загінуўшых пасажырах самалёта. Аб сутычках з паліцыяй яго журналісты не паведамляюць.

Паводле currenttime.tv


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: