У Італіі мільён чалавек пратэставалі супраць зменаў клімату

У 160 гарадах Італіі прайшлі масавыя мітынгі ў абарону клімату. Іх удзельнікамі былі пераважна дзеці і моладзь.

Мітынг у Мілане. Фота: milano.repubblica.it

Каля мільёна чалавек — у асноўным школьнікі і студэнты — прынялі ўдзел у маніфестацыях супраць зменаў клімату, якія ў пятніцу, 27 верасня, прайшлі ў больш чым 160 італьянскіх гарадах, паведамляе Rai News 24.

Паводле звестак арганізатараў, у Рыме на вуліцы выйшлі больш як 100 тысяч актывістаў, занепакоеных тэмай павышэння ўзроўню сусветнага акіяна і сярэдняй глабальнай тэмпературы, раставаннем леднікоў і памяншэннем біяразнастайнасці. Удзельнікі кліматычнай забастоўкі трымалі ў руках плакаты з заклікамі да ўладаў не дапусціць далейшага пацяплення клімату: "Трэба дзейнічаць неадкладна", "Мы маем права на будучыню", "Мы прапускаем ўрокі, каб падаць іх вам" і мноства іншых.

У Мілане, паводле некаторых ацэнак, у аналагічнай акцыі прынялі ўдзел каля 200 тысяч чалавек. Актывісты спалілі макет Зямлі перад міланскім кафедральным саборам (Дуома) — адной з галоўных гарадскіх славутасцяў.

"Гэта сімвал нашага палаючага свету, — прыводзіць газета “la Repubblica” словы арганізатараў. — Наш дом у агні, мы хочам яго выратаваць".

Дзясяткі тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Неапалю, Фларэнцыі, Балонні, Генуі, Турына і іншых буйных італьянскіх гарадоў.

Кліматычныя пратэсты праходзяць у падтрымку міжнароднай акцыі Global Climate Strike (Глабальны кліматычны страйк). Тварам гэтай акцыі стала шаснаццацігадовая школьніца са Швецыі Грэта Тунберг. У 2018 годзе яна пачала школьны страйк за клімат — кожную пятніцу Тунберг праводзіла адзіночны пікет каля будынка шведскага парламента. Пасля яе прыклад перанялі студэнты і школьнікі з усяго свету.

У лютым 2019 года Тунберг арганізавала шэсце па Парыжы, да якога далучылася каля тысячы чалавек. А ў панядзелак, 23 верасня, Тунберг выступіла з эмацыйнай прамовай на кліматычным саміце ААН у Нью-Ёрку, у якой абвінаваціла кіраўнікоў вядучых дзяржаў свету ў тым, што яны робяць недастаткова намаганняў у абарону планеты ад незваротных зменаў клімату.

З 20 верасня пачаўся міжнародны тыдзень забастовак. На мінулым тыдні ў 160 краінах прайшлі маштабныя акцыі ў абарону клімату і навакольнага асяроддзя.

Паводле korrespondent.net

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: