У Ізраілі пратэставалі супраць палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

На вуліцы Бальфур у Ерусаліме, дзе размяшчаецца рэзыдэнцыя ізраільскага прэм’ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ў чацвер увечары адбыўся пікет пратэсту супраць легітымізацыі Ізраілем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».
Каля 50 удзельнікаў сабраліся, каб выказаць сваё незадавальненне пазіцыяй Ізраіля, у рамках якой амбасадар Ізраіля ў Беларусі ўручыў даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку, дэ-факта даўшы яму легітымацыю.

Беларускія пратэсты працягваюцца ўжо 4 месяцы, але Ізраіль дагэтуль не асудзіў рэпрэсіі і гвалт у краіне, хоць ад рэжыму пацярпелі, як мінімум, 7 грамадзянаў Ізраіля, якія наведвалі Беларусь.



Дэманстранты заклікалі ўрад Ізраіля выступіць супраць гвалту ў цэнтры Еўропы. на плакатах, з якімі яны прыйшлі на вуліцу Бальфур, было напісана: «Халакост здарыўся, калі ўвесь свет маўчаў! Маўчанне — спрыянне злачынствам!», «Нетаньяху, чаму ты маўчыш?», «Чаму маўчаць іўрытамоўныя СМІ?» і іншыя.

Таксама былі плакаты са статыстыкай рэпрэсій у Беларусі і з інфармацыяй пра ўклад выхадцаў з Беларусі ў станаўленне дзяржавы Ізраіль. У Беларусі нарадзіліся многія вядомыя дзеячы Ізраіля: бацька сучаснага іўрыту Эліэзер Бэн Егуда, прэзідэнты Хаім Вейцман, Залман Шазар, Шымон Перэс, прэм’ер-міністр Мэнахем Бэгін, а таксама дзед Нетаньяху рабін Натан Мілейкоўскі.

Гучала музыка з песнямі ў выкананні беларуска-ізраільскай акторкі Ганны Хітрык. Пратэстоўцы падрыхтавалі таксама «жорсткі перформанс» на тэму гвалту з боку беларускага АМАПу, аднак, яго паказ спыніла Ерусалімская паліцыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: