У Ізраілі знойдзеныя залатыя манеты часоў крыжовых паходаў

Ізраільскія археолагі выявілі схаваны 900 гадоў таму збан з залатымі манетамі на раскопках старажытнага горада Кесарыя.
Рэдкая знаходка была знойдзена ў шчыліне ў сцяне каменнага дома. У бронзавым збанку было 24 залатыя манеты, а таксама адна залатая завушніца.

Мяркуючы па ўсім, гаспадары скарба збіраліся вярнуцца і забраць яго, але зрабіць ім гэта па невядомых прычынах не ўдалося.

Ізраільскія археолагі кажуць, што гаспадары скарба павінны былі быць багатымі людзьмі, паколькі кожная з манет была эквівалентная гадавому даходу тагачаснага селяніна.

Па словах археолагаў, гаспадары манет маглі быць забітыя пасля таго, як Кесарыю захапілі крыжакі ў 1101 годзе.

«Гэта сведчанне аднаго з самых драматычных перыядаў гісторыі Кесарыі: яе заваяванне крыжакамі», — гаворыцца ў паведамленні аб знаходцы скарба на сайце Упраўлення старажытнасцяў Ізраіля.

Паводле летапісаў, амаль усе жыхары Кесарыі былі забітыя войскамі Балдуіна I Іерусалімскага, які кіраваў Святой Зямлёй паміж 1100 і 1118 гадамі.

«Можна меркаваць, што гаспадар скарба і яго сям'я альбо былі забітыя, альбо прададзеныя ў рабства, і так і не змаглі вярнуцца і забраць яго», — кажуць кіраўнікі археалагічнай экспедыцыі Петэр Гендельман і Махамед Хатар.

Манеты былі знойдзены паблізу папярэдніх выяўленых тайнікоў — чаркай з залатымі і срэбнымі манетамі, знойдзенай у 1960-х гадах, і калекцыяй бронзавых сасудаў, выяўленай у 1990-я гады. Гэтыя скарбы выстаўлены ў Ізраільскім музеі ў Ерусаліме.

У 2015 годзе аквалангісты выпадкова выявілі найбуйнейшую калекцыю залатых манет на міжземнаморскім узбярэжжы Ізраіля. На дне мора ляжалі больш за дзве тысячы залатых манет тысячагадовай даўніны.


Паводле bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!