У Каліфорніі пачалася афіцыйная кампанія за аддзяленне ад ЗША

Прыхільнікам Calexit трэба будзе на працягу 180 дзён сабраць каля 600 тысяч подпісаў у падтрымку правядзення рэферэндуму аб выхадзе штата са складу ЗША.
сцяг Каліфорніі

сцяг Каліфорніі

У Каліфорніі ў суботу, 28 студзеня, стартаваў збор подпісаў за выхад штата са складу ЗША — Calexit. Двума днямі раней міністр унутраных спраў Каліфорніі афіцыйна дазволіў пачаць гэтую працэдуру. Прыхільнікам Calexit неабходна на працягу 180 дзён сабраць подпісы 585 407 чалавек (8% усяго насельніцтва штата), паведамляе dw.com.

Калі гэта атрымаецца, у лістападзе 2018 года жыхары Каліфорніі спачатку прагаласуюць за адмену двух палажэнняў мясцовай канстытуцыі, паводле якіх іх штат з'яўляецца «неад'емнай часткай ЗША», а канстытуцыя Злучаных Штатаў — «асноўным законам краіны».

Сам рэферэндум аб аддзяленні ад ЗША можа адбыцца вясной 2019 года. Для Calexit неабходныя яўка па меншай меры паловы выбаршчыкаў, зарэгістраваных у штаце, і станоўчы адказ не менш за 55 % удзельнікаў плебісцыту, удакладняе газета Los Angeles Times.


Ініцыятары выхаду Каліфорніі са складу ЗША падалі генпракурору штата петыцыю аб правядзенні рэферэндуму ў лістападзе 2016 года, пасля перамогі Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта Злучаных Штатаў. Трамп заручыўся тады падтрымкай толькі 31,5% каліфарнійцаў, тады як яго галоўны апанент Хілары Клінтан набрала 61,5% галасоў.

Каліфорнія — самы буйны амерыканскі штат па колькасці насельніцтва (больш за 39 млн жыхароў) і трэці па плошчы тэрыторыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: