У Казахстане адбываюцца прэзідэнцкія выбары

У Казахстане 9 чэрвеня пачалося галасаванне на выбарах кіраўніка дзяржавы, паведамляе Белсат. Прэзідэнта выбіраюць з 7 кандыдатаў.
Касым-Жамарт Такаеў. Крыніца – Valery Sharifulin/TASS

Касым-Жамарт Такаеў. Крыніца – Valery Sharifulin/TASS

Бясспрэчным фаварытам з’яўляецца выканаўца абавязкаў прэзідэнта Касым-Жамарт Такаеў, які замяніў на пасадзе кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева. На думку шэрагу палітолагаў, перамога Такаева не выклікае сумневаў, а галоўная інтрыга ў тым, хто зойме другое месца.

На выбарах упершыню ў гісторыі Казахстану балатуецца жанчына – дэпутатка Данія Еспаева. Таксама сярод кандыдатаў у прэзідэнта есць апазіцыйны палітык Аміржан Касанаў, прадстаўнік прафсаюзаў Амангельды Таспіхаў, пісьменнік Садыбек Тугел, прадстаўнік аграсектару Талеўай Рахімбекаў і дэпутат Жамбыл Ахметбекаў.

Прэзідэнта Казахстану абіраюць на 5 гадоў.

Першы прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў краінай амаль 30 гадоў, 19 сакавіка 2019 года абвясціў, што складвае паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Часова выконваць абавязкі прэзідэнта краіны прызначылі спікера верхняй палаты парламенту, кадравага дыпламата Касым-Жамарта Такаева. Пры гэтым 78-гадовы Назарбаеў застаўся старшынёй Рады бяспекі краіны. Ягоная дачка Дарыга Назарбаева ўзначаліла Сенат.

9 красавіка Касым-Жамарт Такаеў абвесціў, што пазачарговыя выбары прэзідэнта Казахстана адбудуцца 9 чэрвеня 2019 года. «Для таго, каб забяспечыць грамадска-палітычную згоду, упэўнена рухацца наперад, вырашаць пытанні сацыяльнага і эканамічнага развіцця, неабходна зняць любую нявызначанасць. Становішча ў свеце хутка мяняецца далёка не ў лепшы для нас бок», – растлумачыў ён.

Мінулыя выбары ў Казахстане адбыліся ў 2015 годзе. Тады Назарбаеў набраў 97,7 адсоткаў галасоў.

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!