У Казахстане людзі выйшлі на пратэсты, патрабуючы свабодных выбараў (фота, відэа)

Больш за сто чалавек у Алматы і Нур-Султане выйшлі 1 траўня на несанкцыянаваныя выступленні, паклікаўшы байкатаваць будучыя прэзідэнцкія выбары, перадае rus.azattyq.org.

Выступ у Алматы з заклікам байкатаваць выбары

«Нур-Султан — не мая сталіца, Такаеў — не мой прэзідэнт, Дарыга — не мой спікер сената», — такія лозунгі гучалі з вуснаў тых, хто сабраўся ў Алматы і Нур-Султане, якія заклікалі аб'явіць байкот прызначаным на 9 чэрвеня датэрміновым прэзідэнцкім выбарам — першым пасля адстаўкі Нурсултана Назарбаева, які нязменна ўзначальваў Казахстан амаль тры дзесяцігоддзі.


Падзеі ў сталіцы

У Нур-Султане дзясяткі чалавек пачалі акцыю за байкот выбараў у 13 гадзін па мясцовым часе непадалёк ад канцэртнай залы «Астана» (былога кангрэс-хола). «Народ стаміўся!», «Далоў ўрад», — крычалі яны. «Ад праўды не ўцячэш!» — паўтарылі яны словы з банера, за які 21 красавіка ў Алматы былі арыштаваныя на 15 сутак двое актывістаў, Асія Тулесава і Бейбарыс Талымбекаў, разгарнуўшы тканіну з такім надпісам на марафоне.

Гэтая справа выклікала вялікі рэзананс, казахстанскія актывісты выказалі падтрымкувязням; студэнты з Казахстана правялі акцыі каля амбасадаў сваіх краін у Чэскай Рэспубліцы, Францыі, Вялікабрытаніі, акцыі прайшлі таксама ў Італіі, Канадзе, Венгрыі.

Акім Сарыаркінскага раёна горада Ергалі Егіберды заявіў, што сход з'яўляецца незаконным. Людзі не сталі разыходзіцца, заявіўшы, што маюць права збірацца на мірныя мітынгі. Яны патрабавалі свабоду грамадзянам, якія, на думку праваабаронцаў, трапілі пад крымінальны пераслед з палітычных матываў.

Людзі рушылі пешым маршам па ходнікупраспекта Рэспублікі да Палацу моладзі. Некаторыя крычалі: «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»). Іх суправаджалі аўтобусы з паліцыянтамі.

Супрацоўнікі пракуратуры і акімата пасля 14 гадзін паўторна звярнуліся да ўдзельнікаў акцыі з просьбай разысціся, назваўшы мітынг несанкцыянаваным. Да месца прыбылі байцы спецпадраздзялення паліцыі з гумовымі дубінкамі. Журналісты бачылі, як супрацоўнікі спецпадраздзялення ў масках ўдарылі некалькіх чалавек гумовымі дубінкамі. Некаторых удзельнікаў затрымалі.

Пратэстоўцы патрабавалі вызваліць затрыманых, якіх заблакавалі ў аўтобусе. Начальнік дэпартамента паліцыі Нур-Султана Ержан Садэнаў і яго намеснік Бакытжан Малыбаеў аддалі загад адпусціць затрыманых пры ўмове, што ўсе разыйдуцца. Пасля гэтага дзверы аўтобуса адчынілі і выпусцілі звыш дзясятка чалавек. Некаторыя з вызваленых сказалі, што пры затрыманні паліцыянты білі іх гумовымі дубінкамі, аднак паліцыянты сказалі, што дубінкі не выкарыстоўваліся.

Удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца.

На працягу акцыі тых, хто сабраўся, здымалі на відэа людзі ў цывільным, на сталічнай акцыі на камеру журналіста трапіў неапазнаны дрон.

Раней, у сярэдзіне дня па мясцовым часе, рэпарцёры сталі сведкамі іншых затрыманняў — на набярэжнай у сталіцы. У рэпарцёра Азаттыка Саніі Тойкен невядомыя ў цывільным адзенні вырвалі з рук смартфон. Ёй скруцілі рукі, калі яна запатрабавала вярнуць ёй абсталяванне. Карэспандэнт паспела зняць, як невядомыя ў цывільным адзенні затрымліваюць людзей.

Затрыманне на набярэжнай у Нур-Султане


Выступ у алмацінскім парку

У Цэнтральным парку Алматы, куды з раніцы сцягнулі нарады паліцэйскіх, людзі скандавалі: «Байкот!», «У мяне ёсць выбар», «Свабоду палітвязням». Людзі, якія сабраліся там, заявілі, што выступаюць супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Казахстане. Яны патрабавалі вызваліць палітвязняў і абвінавацілі ўлады ў правядзенні «ілжывай палітыкі».

Выступы пратэстуючых у Алматы, якія перадавалі адзін аднаму мікрафон, заглушала музыка афіцыйнага мерапрыемства, прысвечанага Дню адзінства народа Казахстана. Яны прайшлі маршам па тэрыторыі парку. За тым, што адбываецца, сачылі супрацоўнікі паліцыі.

Людзі, якія сабраліся ў Цэнтральным парку Алматы

Паліцыянты закрылі выхад з парку, заблакаваўшы чыгунныя вароты. Акім Медэускага раёна Алматы Султанбек Макежанаў заклікаў людзей разысціся, сказаўшы, што акцыя з'яўляецца незаконнай. Паміж чыноўнікам і тымі, хто сабраўся завязаўся дыялог, людзі выказвалі незадаволенасць палітыкай уладаў і патрабавалі не пераследаваць іх за выступ.

— Мы паважаем Назарбаева, але хай ён лічыцца з народам, — сказаў мужчына, які прадставіўся простым таксістам, што заявіў аб нязгодзе з перайменаваннем сталіцы Казахстана.

Праз некаторы час паліцыянты адкрылі вароты парку, дазволіўшы людзям пакінуць тэрыторыю. Частка тых, хто сабраўся сышла, іншая працягнула выступаць.

1 траўня ў краіне адзначаюць Дзень адзінства народа Казахстана. У гарадах праходзяць афіцыйныя мерапрыемствы.

Пазачарговыя выбары ў Казахстане прызначаныя на 9 чэрвеня. Кандыдатамі ў прэзідэнты вылучаныя восем чалавек, у тым ліку Касым-Жомарт Такаеў, былы спікер сената, які ўступіў у паўнамоцтвы прэзідэнта пасля адстаўкі Назарбаева і вылучаны кіруючай партыяй «Нур Атан».

Раней з-за мяжы крытык дзеючай улады Казахстана Мухтар Аблязаў, лідар руху «Дэмакратычны выбар Казахстана» (ДВК), забароненага казахстанскім судом як «экстрэмісцкі», заклікаў прыхільнікаў збірацца 1 траўня на акцыі пратэсту, каб заявіць пра байкот будучых выбараў.

Паводле rus.azattyq.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: