У Казахстане затрымліваюць удзельнікаў апазіцыйных пратэстаў

У цэнтры Алматы затрымана больш за сто чалавек, паведамляе Радыё Свабода. Прычынаў затрымання паліцыянты не тлумачаць. На відэа, апублікаваных у твітэры журналістам сайта Eurasianet.org Джаанай Ліліс, бачна, як паліцыянты цягнуць людзей да аўтазакаў, аднак незразумела, за што.
Карэспандэнты Настоящего Времени ў Алматы паведамляюць, што паліцэйскія, у тым ліку байцы спецпадраздзяленняў, груба затрымлівалі людзей, калі яны пачыналі крычаць «Байкот!».

Затрыманыя таксама журналісты і праваабаронцы. Так, у аддзяленне паліцыі павезлі карэспандэнта Радыё Азатык Пятра Трацэнку, нягледзячы на наяўнасць у яго службовых дакументаў і рэдакцыйнага задання. Трацэнка правёў гадзіну ў паліцыі, потым яго адпусцілі.


Затрыманы супрацоўнік Казахстанскага бюро ў правах чалавека Дзмітры Ціханаў. Вось фота журналіста AFP Крыса Рыклтана з аўтазака (ён піша, што прыпухласць пад вокам — следзтва падзення, а не збіцця).
Крыс Рыклтан і яго калега правялі дзве гадзіны ў РУУС, пакуль у справу не ўмяшаўся намеснік міністра замежных справаў Казахстану Раман Васіленка. Ён патэлефанаваў журналістам і прынёс свае прабачэнні, пасля чаго іх адпусцілі.

Людзей затрымліваюць таксама ў Нурсултане (Астане) і Шымкенце.

Міжнародная група NetBlocks, якая займаецца маніторынгам свабоды інтэрнэту ў свеце, паведамляе, што 9 чэрвеня ў Казахстане доступ у інтэрнэт быў рэзка абмежаваны.


9 чэрвеня ў Казахстане праходзяць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, першыя без удзелу Нурсултана Назарбаева, які сышоў у адстаўку пасля амаль 30 гадоў нязменнага кіравання. У спісе кандыдатаў сем чалавек, у тым ліку дзеючы прэзідэнт, кандыдат ад партыі Назарбаева «Нур Атан» Касым-Жамарт Такаеў.
Галасаванне праходзіць на тлее заяваў аб прадвызначаным характары кампаніі і адсутнасці рэальнай канкурэнцыі.

Некаторыя казахстанскія апазіцыйныя аб’яднанні байкатуюць выбары. Да байкоту заклікалі таксама грамадзянскія актывісты.

Былы банкір і крытык рэжыму Назарбаева Мухтар Аблязаў, які жыве за мяжой — лідар забароненага казахстанскім судом руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» (ДВК) — праз сацыяльныя сеткі раней заклікаў прыхільнікаў выходзіць 9-10 чэрвеня на «агульнанародны вызваленчы пратэст». У Казахстане Аблязаў прысуджаны да пажыццёвага зняволення паводле крымінальных абвінавачанняў, у тым ліку ў заказным забойстве, стварэнні злачыннай групы, буйных крадзяжах. Аблязаў адхіляе ўсе абвінавачанні як палітычна матываваныя.

Генеральная пракуратура Казахстану перад выбарамі выступіла з перасьцярогай аб адказнасці за парушэнне правілаў правядзеньня мірных сходаў у сувязі з тым, што «у сацыяльных сетках распаўсюджваюцца заклікі да арганізацыі і ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах 9 і 10 чэрвеня».

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!