У Кіеве беларускі пад бел-чырвона-белымі сцягамі далучыліся да ўкраінскага маршу жанчын

Ва Украіне марш жанчын ужо пяць гадоў ладзяць супольна феміністычныя ды праваабарончыя арганізацыі. Штогод 8 сакавіка жанчыны выходзяць з патрабаваннем да ўкраінскіх улад ратыфікаваць Стамбульскую канвенцыю аб папярэджанні і барацьбе з гвалтам супраць жанчын і хатнім гвалтам, перадае «Радыё Свабода».
Ініцыятары правядзення акцыі перакананыя, што пандэмія каронавіруса яшчэ больш абвастрыла праблемы хатняга гвалту над жанчынамі і абароны іх правоў. Апроч таго, 82% медыцынскага персаналу, які дапамагае пацыентам з каронавірусам, таксама жанчыны.

Сёлета ўпершыню асобнай калонай у маршы ўдзельнічалі беларускі, якія вымушаныя былі ўцякаць ва Украіну ад гвалту і рэпрэсій сілавых структур Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама тыя, хто ўжо пэўны час жыве ва Украіне.

З ініцыятывай далучыцца да маршу жанчын выступіў Free Belarus Centre, які быў створаны ва Украіне для дапамогі беларусам-уцекачам, феміністычная група Каардынацыйнай рады, а таксама ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!», створаная ў 2018 годзе ў Беларусі ў адказ на адмаўленне ўлад ад распрацоўкі законапраекта аб папярэджанні хатняга гвалту.

Арганізатары беларускай калоны нагадалі, што жаночы марш у Беларусі стаў першым шматлікім маршам, які перавёў пратэст у мірны кірунак.


«На працягу 26 гадоў кіравання рэжыму рыторыка дзяржавы была патрыярхальнай, паказваючы жанчыну, як зручны аб’ект у побыце, не абараняючы жанчын ад хатняга гвалту, забараняючы жанчынам працаваць там, дзе яны хочуць, прыніжаючы, абражаючы жанчын і зводзячы да „адзінай галоўнай ролі — маці, гаспадыні дома“. 2020 год паказаў, што жанчыны маюць правы і свабоды, што жанчыны з'яўляюцца палітычнымі субʼектамі, што жанчыны могуць наўпрост, адкрыта і публічна заяўляць пра свае правы», — перакананыя арганізатары.


У акцыі ўдзельнічалі больш як дзве тысячы чалавек. Калону ва ўзмоцненым рэжыме ахоўвалі супрацоўнікі паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Украіны, каб пазбегнуць канфліктаў з праціўнікамі феміністычнага руху. У прыватнасці, сваё абурэнне выказала арганізацыя «Традыцыі і парадак».


Даша, якая ў Беларусі працавала ў праваабарончай феміністычнай арганізацыі ў Мінску, з'ехала ва Украіну пасля пачатку рэпрэсіяў супраць актывістаў пратэстаў і абвінавачаннях у фінансаванні пратэстаў.


«Мы за тое, каб падтрымліваць жаночы ўдзел у рэвалюцыях. Дзякуючы жанчынам пратэст стаў мірным і пратрымаўся 7 месяцаў. І мы хочам агучыць гэта міжнароднай супольнасці, каб яна падтрымала жанчын у рэвалюцыі», — кажа Даша.

Наста Базар, прадстаўніца фемгрупы Каардынацыйнай рады дадала, што сваім удзелам яны хочуць прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да жанчын-палітвязняў. Падчас маршу яны неслі партрэты Марыі Калеснікавай, Дарʼі Чульцовай, Алы Шарко і іншых.

«Мы тут з восені і правялі два свае жаночыя маршы. Цяпер мы выйшлі, каб нагадаць пра жанчын-палітвязняў, што ў рэвалюцыі жаночы твар і што жанчыны адыграюць важную ролю ў рэвалюцыі ў Беларусі», — сказала Наста Базар.

Удзельніцы акцыі прайшлі маршам па цэнтры Кіева.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: