У Кіеве пікетавалі расійскую амбасаду

29 снежня каля расійскага пасольства ў Кіеве беларускія і ўкраінскія актывісты правялі пікет у падтрымку незалежнасці Беларусі.
 У сваіх прамовах выступоўцы казалі пра падтрымку затрыманых за апошнія некалькі тыдняў у Беларусі ўдзельнікаў пратэстаў.


Актывісты нагадалі прысутным аб непапраўнай шкодзе для незалежнасці Беларусі рэалізацыі любых дарожных карт сумесна з Расіяй, а таксама аб небяспецы спраўджвання імперскіх планаў агрэсара не толькі для самой Беларусі, але і для ўсёй Усходняй Еўропы.


З боку ўкраінскіх актывістаў прагучала думка, што ўнутры Украіны апошнія гады існуе значны інфармацыйны вакуум адносна рэальных падзей у Беларусі, таму простыя ўкраінцы часам недаацэньваюць сур’ёзнасць сітуацыі, якая наўпрост у кожны момант можа пачаць ўплываць і на ўкраінскія падзеі. Часам, па іх словах, людзі ва Украіне зусім беспадстаўна лічаць, што беларускі кіраўнік дзяржавы робіць усё магчымае для захавання незалежнасці сваёй краіны. У сувязі з гэтым прагучаў заклік да ўсіх неабыякавых: пашыраць праўдзівую інфармацыю ва ўкраінскім грамадстве.


Алег Аўчыннікаў, арганізатар акцыі, напрыканцы пікету зазначыў, што лічыць важнай справу аб’яднання беларусаў і ўкраінцаў як асобных нацый: «Дзяржавы ёсць дзяржавы, а галоўныя саюзнікі супраць любых імперскіх дамаганняў на незалежнасць — гэта нацыі».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: