У Кіеве прэзентавалі кнігу «Крым за заслонай. Даведнік у зоне акупацыі»

У Кіеве адбылася прэзентацыя кнігі «Крым за заслонай. Даведнік у зоне акупацыі». Кніга падрыхтаваная да пятай гадавіны расейскай акупацыі Крыму.


Даведнік распавядае пра гісторыю паўвыспы, перадумовы акупацыі й працэс непасрэднага захопу Крыму расейскімі сіламі, пра бягучае становішча й парушэнні правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі. У кнізе пададзеныя доказы расейскай ваеннай агрэсіі, сабраныя міжнароднай выведвальнай супольнасцю InformNapalm, асветленыя схемы перакідвання расейскіх сілавікоў у Крым.

Прэзентацыя кнігі праходзіла на двух медыя-пляцоўках. На першай – у нацыянальнай інфармацыйнай агенцыі “Укрінфарм” – прысутнічаў міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін, намеснік міністру інфармпалітыкі Эмінэ Джапарава, дырэктар еўрапейскай праграмы Міжнароднага фонду «Відродження» Дмытро Шульга. Таксама прысутнічаў дарадца ў палітычных і грамадскіх пытаннях амбасады Канады ва Украіне Руслан Кац, які зазначыў, што праз вывучэнне гэтай кнігі сусветная супольнасць можа стаць больш дасведчанай, больш аб’яднанай у сваёй пазіцыі.

Міністр замежных справаў Паўло Клімкін у прыватнасці сказаў, што ў Крыме дзейнічае расейская дыктатура нават у горшай версіі, чымся у самой Расейскай Федэрацыі. Расея перасяляе ў Крым дзясяткі тысячаў людзей, многія з іх маюць крымінальнае мінулае і праз гэта з'яўляюцца кантраляванымі.

Таксама міністр падкрэсліў важнасць супрацы з супольнасьцю InformNapalm:

Прэзентацыя кнігі таксама адбылася ва Украінскім крызавым медыя-цэнтры, дзе выданне прадставіў аўтарскі калектыў: палітолаг Максім Маёраў, кандыдат палітычных навук Вольга Валянюк, валанцёр міжнароднай выведвальнай супольнасці InformNapalm Крыстына Дабравольская.

Гэта другое выданне Цэнтру даследавання бяспекавага асяроддзя «Праметэй» такога фармату, прысвечанае выкрыццю фактаў расейскай агрэсіі. Першае – кніга «Данбас у вагню» – выйшла ў 2017 годзе на пяці мовах і была станоўча ацэненая экспертным асяроддзем. Таксама паводле замовы Міністэрства замежных справаў Украіны быў здзейснены друк дадатковага накладу кнігі, якая пашыралася для ўкраінскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Кніга «Крым за заслонай» сталася працягам тэмы расейскай акупацыі. У фокусе аўтараў Крым – скуль і пачалася бягучая расейска-ўкраінская вайна. Выданне будзе пададзенае на пяці мовах: украінскай, ангельскай, турэцкай, нямецкай, расейскай. Запланаваны пераклад выдання і на беларускую мову.

Дзякуючы падтрымцы Канадскага фонду мясцовых ініцыятываў і Міжнароднага фонду «Відродження», друкаваная і электронная версія кнігі «Крым за заслонай. Даведнік у зоне акупацыі» пашыраецца бясплатна. Электроннае выданне неўзабаве можна будзе спампаваць на сайце informnapalm.org. Друкаванае выданне можна атрымаць праз дасыланне аформленай замовы ў спасылцы: https://goo.gl/8qsKd2.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!