У Кітаі топ-мэнэджары Samsung на каленях папрасілі прабачэння за выбухі смартфонаў

Акцыя не выклікала адабрэння ў кітайскіх інтэрнэт-карыстальнікаў.


У Кітаі прадстаўнікі Samsung Electronics укленчылі перад мясцовымі партнёрамі, але выклікалі гнеў інтэрнэт-карыстальнікаў. Пра гэта паведамляе сайт выдання «Жэньмінь жыбаа» (пераклад – tut.by).

Больш за дваццаць чалавек сталі на калені падчас сустрэчы прадстаўнікоў Samsung з дылерамі ў кітайскім горадзе Шыцзячжуан. Фатаграфіі падзеі з'явіліся ў сацыяльнай сетцы Weibo 29 кастрычніка і набылі вірусную папулярнасць сярод мясцовых інтэрнэт-карыстальнікаў.

Хэштэг «Samsung паставіла кітайцаў на калені дзеля продажаў» сабраў амаль два мільёны праглядаў. Карыстальнікі раскрытыкавалі кампанію, абвінаваціўшы яе ў непавазе да кітайскай культуры і ўласных кітайскіх супрацоўнікаў, сам жэст назвалі «нечалавечай абразай».

Справа ў тым, што стаць на калені — выключны жэст у кітайскай культуры. «Кітаец можа схіліць калені перад Богам, каб прасіць бласлаўлення або выказаць падзяку за выкананае жаданне, — тлумачыла «Жэньмінь жыбаа» раней. — Ён можа ўкленчыць на знак падзякі перад сваімі бацькамі ў асаблівых выпадкаў, такіх як дзень нараджэння ці свята Вясны. Ён таксама апусціцца на калені ў сітуацыі роспачы — калі на яго накіравалі пісталет, трэба маліць аб літасці для сваіх блізкіх ці прасіць міску рысу праз голад».

Пазней прэс-служба кампаніі растлумачыла, што апусціліся на калені карэйскія топ-мэнэджары кампаніі. Паведамляецца, што яны зрабілі гэта з удзячнасці за тое, што многія кітайскія дылеры замовілі прадукты Samsung, нягледзячы на скандал з выбухамі смартфонаў Galaxy Note 7. «Samsung — карэйская кампанія. У карэйскай культуры кленчанне ўважаюць за жэст удзячнасці і павагі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Аднак кітайцам жэст відавочна не спадабаўся. «Прабачэнне ад Samsung мне агіднае, — напісаў адзін з карыстальнікаў Weibo. — Гэта Кітай, і яны павінны выкарыстоўваць кітайскі спосаб прынесці прабачэнні».

Паводле Хартыі'97


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: