У Літве адбываюцца выбары прэзідэнта і два рэферэндумы

У нядзелю, 12 траўня, нашыя паўночна-заходнія суседзі выбіраюць прэзідэнта і адказваюць на пытанне аб пашырэнні падвойнага грамадзянства і скарачэнні колькасці парламентарыяў. Пра гэта піша Белсат.

nedelia.lt

Канец эпохі Далі Грыбаўскайце
Існая прэзідэнтка займае гэтую пасаду з 2009 года. У свой час яна ўсталявала нацыянальны рэкорд, атрымаўшы 69 % галасоў ужо ў першым туры.

Сёлета выбары наўрад ці абмяжуюцца адным турам: паводле апытанняў, ніхто з кандыдатаў не атрымае больш за 50 % галасоў.

Паводле апытання кампаніі «Spinter tyrimai» выйсці ў другі тур найбольшыя шанцы маюць кандыдатка ад кансерватараў Інгрыда Шыманіце, эканаміст, беспартыйны кандыдат Гітанас Наўседа і дзейны прэм’ер Саўлюс Скверняліс. Агулам у выбарах удзельнічаюць дзевяць кандыдатаў – вельмі падобных адзін да аднаго.

«Наўрад ці выпадае казаць, што пасля выбараў прэзідэнта ў Літве нейкім чынам памяняецца вонкавая палітыка. Наагул гэта вельмі складана зрабіць паводле аб’ектыўных прычынаў. Тым больш што два галоўныя кандыдаты прадстаўляюць па сутнасці кансерватыўную партыю. Што да ўнутранай палітыкі, то Скверняліс выступае за скарачэнне сацыяльнай няроўнасці ў Літве. Іншыя кандыдаты трымаюцца больш ліберальнага курсу. Наагул, калі і ёсць адрозненні ў праграмах палітыкаў, то яны неістотныя. Але гэта асаблівасць сучасных выбараў, бо кандыдаты цяпер намагаюцца спадабацца ўсім», – распавёў «Белсату» старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы Вадзім Валавы.

Участкі будуць адкрытыя да 20-й. Паводле «Delfi», у спісе выбарцаў – 2 472 405 грамадзянаў. Да заканчэння галасавання дзейнічае забарона на агітацыю.

Як БелАЭС уплывае на літоўскую прэзідэнцкую кампанію

Адначасова з першым турам выбараў праходзяць два рэферэндумы, пытанні якіх прадугледжваюць папраўкі ў артыкулы канстытуцыі.


Пытанне аб увядзенні падвойнага грамадзянства

Летась Сейм Літвы вырашыў, што адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі адбудзецца таксама рэферэндум аб пашырэнні інстытуту падвойнага грамадзянства.

Паводле канстытуцыі Літвы, грамадзяне краіны не могуць, за выключэннем некалькіх выпадкаў, быць адначасова грамадзянамі іншай дзяржавы.

Пытанне стала актуальным для Вільні пасля брэкзіту. У Вялікай Брытаніі пражываюць каля двухсот тысяч літоўцаў, чвэрць якіх гатовыя адмовіцца ад грамадзянства Літвы на карысць Злучанага Каралеўства, падае «Baltnews.lt».

Пытанне аб скарачэнні колькасці дэпутатаў Сейму

У лютым 2019-га парламент пастанавіў, што разам з першым турым выбарам пройдзе таксама рэферэндум аб скарачэнні ліку парламентарыяў.

Ініцыятарам паправак стала кіроўная партыя «Саюз сялянаў і зялёных Літвы». Лідар партыі Рамунас Карбаускіс заявіў, што падобнае рашэнне адпавядае ўрадавай праграме па скарачэнні дзяржаўнага апарату.

Цяпер у Сейме 141 дэпутат. Калі літоўцы прагаласуюць за папраўкі ў канстытуцыі, колькасць парламентарыяў зменшыцца да 121.

belsat.eu

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: