У Літве больш як паўтысячы хворых на адзёр

Колькасць зарэгістраваных выпадкаў захворвання на адзёр у суседняй краіне расце — з пачатку года зарэгістраваны 501 выпадак.
Shutterstock

Shutterstock

Паводле дадзеных Цэнтра інфекцыйных захворванняў і СНІДу (ЦІЗС), найбольшая колькасць захворванняў устаноўлена ў Каўнасе — 238. Колькасць захворванняў у Вільні з мінулай пятніцы ўзрасла з 79 да 87, паведамляе delfi.lt.

За мінулы год у Літве было зарэгістравана 30 выпадкаў адзёру. Адзёр — гэта вострая, вельмі заразная вірусная інфекцыя, якая распаўсюджваецца паветрана-кропельным шляхам і выяўляецца ліхаманкай, сыпам, запаленнем дыхальных шляхоў і кан'юктывітам. Адзёр быў і застаецца адной з найбольш распаўсюджаных прычын смерці сярод усіх кантраляваных з дапамогай вакцын хвароб.

У Беларусі за 2018 год было зафіксавана 259 выпадкаў адзёру (для параўнання, за 2017-ты — усяго толькі адзін выпадак). У пераважнай большасці адзначаюцца завазныя выпадкі інфекцыі (у асноўным з Украіны), а таксама выпадкі ў кантактах з хворымі на адзёр асобамі. Адметна, што выпадкі рэгістраваліся, галоўным чынам, сярод дарослых, хаця раней адзёр лічыўся дзіцячай хваробай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!