У Літве распаўсюджваецца ліст «воінаў Алаха» з пагрозамі

Шэраг устаноў у Літве атрымалі лісты з пагрозамі выбухаў і помсты за «братоў-мусульман». Сярод атрымальнікаў — СМІ, гандлёвыя цэнтры, дзяржустановы.


Адным з адрасатаў стала рэдакцыя партала Alfa.lt, што атрымала электронны ліст ад адпраўніка Юсефа Раафата, які прадставіўся «ваяром Алаха», паведамляе REFORM.by.

Партал прыводзіць тэкст ліста:

«Мы, воіны Алаха, заяўляем вам, што мы адпомсцім за нашых братоў-мусульман. Паведамляем, што мы заклалі выбухоўку. Вы павінны зразумець нашы намеры. Мы працягнём без папярэджання. Ведайце, што ў вашай краіне тысячы нашых братоў — найлепшых воінаў, якія не баяцца смерці. Мы любім смерць гэтак жа, як вы любіце жыццё, і мы — воіны, якія змагаюцца днём і ўначы. Алах вялікі».

У лісце таксама ўтрымліваецца, як можна выказаць здагадку, спіс нібыта замінаваных участкаў, сярод якіх гандлёвыя цэнтры, у тым ліку «Akropolis» і «Oz», будынак, дзе зарэгістраваная кампанія «Delfi», адрасы кіравання рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану Вільні і Дэпартамента міграцыі.

Супрацоўнікі паліцыі паведамілі рэдакцыі, што не атрымлівалі паведамленняў аб магчымых замініраваных будынках у сталіцы. Ліст быў адпраўлены з адрасу бясплатнай службы mail.com, серверы якой знаходзяцца ў ЗША. Паведамляецца, што Літва, верагодна, зможа атрымаць дадатковую інфармацыю пра крыніцу ліста.

Нагадаем, сёння раніцай дзяржагенцтва БелТА са спасылкай на Дзяржпагранкамітэт паведаміла, што на мяжы каля пункта пропуску «Беняконі» знойдзены «мужчына неславянскай знешнасці» ў цяжкім стане. Ён памёр, нягледзячы на тое, што памежнікі паспрабавалі аказаць яму першую дапамогу.

У паведамленні тэлеграм-канала «Пул першага», набліжанага да прэс-службы Лукашэнкі, гэта ўжо было названа «шакавальным забойствам іракца». Пра яго было дакладзена Лукашэнку, які, паводле інфармацыі канала, даручыў неадкладна прыступіць да расследавання, паставіў задачу знайсці сваякоў загінулага, выдаць візы, аказаць усю дапамогу па прыбыцці ў Беларусь, каб забраць цела.

Літаральна праз гадзіну пасля гэтага паведамлення ля літоўскай амбасады грамадскае аб’яднанне «Белая Русь» правяло акцыю пратэсту. Яе ўдзельнікі патрабавалі прыцягнуць прэзідэнта Літвы да адказнасці перад Гаагскім трыбуналам, а загінулага назвалі «ахвярай літоўскіх зверстваў».

Беларускія памежнікі не паведамілі пра смерць меркаванага мігранта літоўскім калегам — тыя даведаліся пра гэта са СМІ.

Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўшкас назваў такія паведамленні пра гібель маладога іракца на мяжы правакацыяй Мінска, а кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ — «казкамі братоў Грым».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: