У Літве ўжо месяц бастуюць настаўнікі: мінстра адукацыі адправілі ў адстаўку

Прафсаюз работнікаў сістэмы адукацыі Літвы (ПРСАЛ) яшчэ 12 лістапада абвясціў аб пачатку бестэрміновага страйку. Педагогі заклікаюць перагледзець сістэму штатнай аплаты працы настаўнікаў, уведзенай гэтай восенню.
YouTube / LaisvėsTV

YouTube / LaisvėsTV

З верасня ў Літве ўступіла ў сілу новая мадэль аплаты працы настаўнікаў. На змену паўрочнай аплаце прыйшла пагадзінная — стаўка настаўніка складаецца з 1512 гадзін у год. Яго працоўны час дзеліцца на тры часткі: кантактныя гадзіны, то бок урокі, падрыхтоўка да іх, і грамадская праца.

ПРСАЛ патрабуе неадкладна адмовіцца ад цяперашняй мадэлі аплаты працы і ўвесці мадэль аплаты за стаўку, у якой стаўка будзе складацца не больш чым з 18 кантактных гадзін. А таксама — павысіць каэфіцыенты пастаяннай часткі зарплаты і паменшыць колькасць вучняў у класах.

Прадстаўнікі Міністэрства навукі і адукацыі сцвярджаюць, што заробкі настаўнікаў пасля рэформы выраслі.
Аднак з кожным днём да акцый пратэсту літоўскіх настаўнікаў далучаюцца ўсё новыя ўстановы адукацыі.
9 лістапада у Старым горадзе Вільнюса адбылася акцыя пратэсту «Апошні званок», на якую сабралася каля 6000 чалавек. Людзі прыйшлі да будынка ўраду Літвы. Яны казалі аб неабходнасці мірным шляхам вырашыць становішча, якое склалася ў сістэме адукацыі, акцэнтавалі ўвагу не толькі на пытанні фінансавання, але і адносін да настаўніка, падкрэслівалі важнасць салідарнасці ўсіх працоўных. На акцыі 9 снежня настаўнікаў падтрымалі прадстаўнікі лекараў, прафсаюза палітвязняў. Людзі прынеслі не толькі сцягі сваіх арганізацый, але і дзяржаўныя сцягі.

Па прыблізных дадзеных міністэрства, учора, 11 снежня, страйкавалі каля 70 (3,5%) устаноў сістэмы адукацыі, каля 950 педагогаў. Усяго ў Літве 2000 агульнаадукацыйных устаноў, у іх працуюць каля за 45 000 педагогаў.

Тым часам Літоўскі прафсаюз работнікаў сістэмы адукацыі паведамляе, што на рахунак фонду настаўнікаў-страйкоўцаў перавялі амаль 17 000 еўра.

«Мы дзякуем, што вы падтрымліваеце і ахвяруеце для настаўнікаў-страйкоўцаў. Суму атрыманай дапамогі мы будзем аб'яўляць кожны дзень, а спіс фундатараў прадставім пазней», — сказана на сайце прафсаюза.

Міністэрства навукі і адукацыі інфармуе, што настаўнікам, якія бастуюць, зарплату плаціць не будуць. У Працоўным кодэксе пазначана, што заробак страйкоўцам не плацяць, паколькі на час страйку не дзейнічаюць абавязацельствы абодвух бакоў — работніку не плацяць зарплату, але пры гэтым ён вызваляецца ад выканання ўсіх сваіх абавязацельстваў.

Стала вядома, што 3 снежня ў Літве перагледзелі праект бюджэту на 2019 год, каб прадугледзець у ім дадатковае фінансаванне на заробкі настаўнікам. У той жа дзень кіраўнік урада адправіў у адстаўку міністра адукацыі.

Паводле delfi.lt

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!