У Літве затрымалі яшчэ 118 мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу з беларускага боку

«У нас ёсць звесткі, што ў Гродна цяпер знаходзяцца каля 2000 нелегальных мігрантаў, якія чакаюць перасячэння мяжы. Ёсць розная інфармацыя», — заявіў намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе «Свабода».

За мінулыя суткі 28 ліпеня ў Літве затрымалі 118 мігрантаў, якія прыйшлі ў краіну з боку Беларусі, паведаміў сайт літоўскай Службы аховы дзяржаўнай мяжы.

З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі 3145 мігрантаў, што ў 39 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год, калі незаконна перайшоў мяжу з беларускага боку 81 мігрант.

2005 чалавек мелі дакументы грамадзян Іраку альбо назваліся імі, 191 чалавек назваў грамадзянства Конга, 129 — Камеруну, 84 — Сірыі, 83 — Расіі, 81 — Ірану, 79 — Гвінеі, 77 — Афганістану.

Як паведамляе Delfi, цяпер на вайсковым палігоне ў Салечніцкім раёне ўзводзяць новае намётавае мястэчка. Гэтае месца на 1,5 тысячы чалавек спрабуюць падрыхтаваць як мага хутчэй, бо памежнікі скардзяцца, што ім ужо няма куды змяшчаць мігрантаў.

«У нас ёсць звесткі, што ў Гродна цяпер знаходзяцца каля 2000 нелегальных мігрантаў, якія чакаюць перасячэння мяжы. Ёсць розная інфармацыя», — заявіў намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы палкоўнік Відас Мачайціс.

Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Еўрасаюза.

Міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце прапанавала ўвесці ў Літве надзвычайнае становішча з прычыны наплыву мігрантаў, аднак прэзідэнт Гітанас Наўседа палічыў гэта заўчасным захадам: на яго думку, сілавыя структуры Літвы яшчэ не вычарпалі ўвесь патэнцыял і могуць даць рады ў процістаяньні міграцыйнаму крызісу.

Ад наплыву мігрантаў з беларускага боку цярпіць і Польшча. Дзень таму там затрымалі 30 чалавек, 29 з якіх былі з Афганістану, адзін з Іраку.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: