У Маскве 12 тысяч чалавек пратэставалі супраць блакіроўкі Telegram

30 красавіка ў Маскве на праспекце Сахарава 12 тысяч чалавек пратэставалі супраць блакіроўкі месенджара Telegram.


Вулічная акцыя, якую арганізавала Лібертарыянская партыя Расіі, была ўзгоднена з уладамі. Яе падтрымаў заснавальнік Telegram Павел Дураў, піша "Новая газета".

У многіх удзельнікаў акцыі на ўваходзе на месца яе правядзення праваахоўнікі забралі папяровыя самалёцікі. Пасля гэтага людзі іх рабілі проста на асфальце. Таксама паліцыя забірала плакаты, якія "не адпавядаюць тэматыцы акцыі" (напрыклад, тыя, у якіх згадваўся Уладзімір Пуцін). Тэматыцы адпавядаў такі плакат: "Дзякуй, RKN [Раскамнагляд, які блакуе месенджар], цяпер я ведаю, што такое VPN, Tor, Proxy". Больш плакатаў гл. тут. Сярод іншых на мітынгу выступаў вядомы расійскі апазіцыянер Аляксей Навальны.

Telegram блакуецца ў Расіі з 16 красавіка. Прычынай стала адмова заснавальніка месенджара Паўла Дурава прадаставіць ФСБ Расіі ключы для шыфравання перапіскі карыстальнікаў.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!