У Маскве масава затрымлівалі журналістаў

Увечары 7 чэрвеня каля будынка галоўнага ўпраўлення МУС па Маскве на Пятроўцы, 38 пачалася серыя адзіночных пікетаў у падтрымку затрыманага карэспандэнта «Медузы» Івана Галунова. Журналістаў у хуткім часе адпусцілі, паведамляе meduza.io.

Журналісты праводзілі серыю адзіночных пікетаў каля гарадскога ўпраўлення МУС у Маскве.

Ахвочыя прыняць удзел у акцыі сталі ў доўгую чаргу. Паліцыя затрымала некаторых удзельнікаў пікетаў, але неўзабаве адпусціла без складання пратаколаў.

Івана Галунова затрымалі па падазрэнні ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры. Ён сцвярджае, што наркотыкі яму падкінулі.

Журналісту не далі адразу выклікаць адваката, збілі і адмовіліся ўзяць змывы з рук і зрэзы пазногцяў, каб праверыць, ці датыкаўся ён да наркотыкаў або ўжываў іх. Паліцыя таксама абшукала кватэру, дзе жыве журналіст. 

Адвакат Галунова Дзмітрый Джулай распавёў пра тое, як праходзіў ператрус: «Яны ведалі, дзе шукаць, знайшлі, што хацелі, і далей вобшук не працягвалі».


Як інфармуе novayagazeta.ru, на адзіночных пікетах былі затрыманыя супрацоўнікі "Новай газеты" Павел Каныгін, Ілля Азар, Вікторыя Іўлева, пісьменнік Віктар Шандаровіч, галоўны рэдактар самвыдату "Батенька, да вы трансформер" Рыгор Туманаў, журналіст "Медузы" Аляксандр Паліванаў, літаратурны крытык Ганна Нарынская, а таксама Андрэй Барзенка, Аляксандр Рыклін, Аляксандр Гарбачоў,Ігар Садрэеў і іншыя. Іх абвінавачвалі ў парушэнні правілаў правядзення адзіночных пікетаў (яны нібыта стаялі адзін ад аднаго на адлегласці меншай за 50 метраў). Але пасля ўсіх адпусцілі.

Паводле meduza.io, euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!