У МДУ патрабуюць пазбавіць Лукашэнку звання ганаровага прафесара ВНУ

Выкладчыкі, студэнты і выпускнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту звярнуліся да вучонага савета і рэктара ўніверсітэта з патрабаваннем пазбавіць Лукашэнку яго звання ганаровага прафесара. Тэкст звароту быў размешчаны на сайце незалежнага прафсаюза работнікаў вышэйшай школы «Універсітэцкая салідарнасць».


У звароце гаворыцца, што яго падпісанты — выкладчыкі, студэнты і выпускнікі МДУ — не могуць заставацца абыякавымі да падзей, што адбываюцца ў Беларусі, а менавіта да ўжывання шырокамаштабнага гвалту ў падаўленні мірных пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў выбараў. Яны катэгарычна асуджаюць дзеянні ўладаў і выказваюць падтрымку грамадзянам нашай краіны, піша tut.by.

«На вуліцах Мінска і іншых гарадоў людзей, якія выйшлі для негвалтоўнага адстойвання сваіх законных правоў і свабод, жорстка збіваюць, абстрэльваюць гумовымі кулямі, труцяць слёзацечным газам, забіваюць; тысячы ўдзельнікаў пратэстаў кінутыя за краты, дзе падвяргаюцца катаванням і зневажанням, дзясяткі людзей прапалі без вестак», — гаворыцца ў звароце.

Адказнасць за ўсе гэтыя падзеі падпісанты звароту ўскладаюць асабіста на Аляксандра Лукашэнку, таму яны патрабуюць пазбавіць яго звання ганаровага прафесара МДУ, якое было нададзена яму ў 1996 годзе.

«Людзі, якім прысвойваецца гэтае высокае званне, абяцаюць заўсёды несці ідэі міру і заўсёды служыць навуцы і адукацыі. Лукашэнка груба парушыў данае абяцанне, а значыць, павінен быць пазбаўлены звання ганаровага прафесара МДУ. Захаванне за ім гэтага звання падрывае рэпутацыю нашай alma mater. Мы заклікаем вучоны савет і рэктара МДУ разгледзець і вырашыць гэтае пытанне», — сказана ў дакуменце.

Зварот ужо падпісалі больш за 300 выпускнікоў, студэнтаў і выкладчыкаў МДУ імя Ламаносава. Таксама адзначаецца, што больш за тысячу беларускіх навукоўцаў і выкладчыкаў падпісалі зварот з патрабаваннем спыніць гвалт і вызваліць затрыманых.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: