У Мексіцы знайшлі храм бога з садранаю скураю


Мексіканскія археолагі знайшлі ў штаце Пуэбла ў цэнтральнай Мексіцы храм, прысвечаны аднаму з багоў, якому пакланяліся індзейцы Мезаамерыкі, Шыпе-Татэку (Спадару-з-садранаю-скурай). Тут жа знайшлі каменныя скульптуры, якія паказваюць Шыпе-Татэка, па якіх, у тым ліку, вызначылі прыналежнасць святыні.
Культ Шыре-Татэка быў распаўсюджаны сярод народаў, якія жылі на захадзе і ў цэнтры сучаснай Мексікі, а таксама на ўзбярэжжы Мексіканскага заліва. Шыпе-Татэк быў богам сельскай гаспадаркі, сезоннага абнаўлення, кругазвароту жыцця і смерці, апекуном ювеліраў. Акрамя таго ён насылаў на людзей запаленні і вочныя хваробы, а яшчэ ён вынайшаў вайну. Шыпе-Татэк садраў з сябе скуру, каб накарміць людзей, падобна да таго, як злазіць знешняя абалонка з кукурузных пачаткаў. Бога малявалі як носьбіта абадранай чалавечай скуры (а часам яго самога з скураю), а цела яго было напалову жоўтым, напалову жаўтлява-карычневым.

Шыпе-Татэка ўшаноўвалі ў дні вясновага раўнадзенства. Падчас святкавання загадзя захопленых ваеннапалонных прывязвалі да алтара, узбройвалі бутафорскай зброяй і прымушалі адлюстроўваць гладыятарскія баі з добра ўзброенымі ваярамі. Пасля таго, як яны непазбежна прайгравалі баі, з іх жыўцом здзіралі скуру на іншым алтары. На працягу наступных 20 дзён абадраную скуру насілі жрацы боства, якія праводзілі рытуалы, прысвечаныя ўрадлівасці. Скуру часта ўпрыгожвалі пер’ем і залатымі ўпрыгожваннямі, а пасля святкаванняў прыбіралі ў скрыні з шчыльным вечкам, каб прадухіліць смурод, і захоўвалі ў спецыяльным пакоі пад храмам боства. Вядома, што ў Шыпе-Татэка быў храм у межах храмавага комплексу Тэмпл Маёр у Ценачцітлане.

У палявым сезоне мінулага года археолагі пад кіраўніцтвам Наэмі Кастыё (Noemi Castillo) выявілі ў горадзе Тэуакане руіны храма, прысвечанага Шыпе-Татэку — пірамідальную аснову, на поўнач і поўдзень ад яго два алтары для ахвярапрынашэнняў, і тры каменныя скульптуры бога. Выявы ўяўлялі сабой два чарапы са скураю і тулава, пакрытае скурай ахвяры. Па словах археолагаў, галовы былі вышынёй каля 70 сантыметраў кожная і важылі прыкладна 200 кілаграмаў. Яны былі выразаныя з вулканічнай пароды, магчыма, з рыёліта.

Кругавыя алтары былі дыяметрам каля трох метраў і вышынёй 88 і 78 сантыметраў, адпаведна. Даследнікі мяркуюць, што яны былі часткай вялікага храма, які дзейнічаў з з 1260 па 1456 гады. Даследнікі мяркуюць, што храм быў пабудаваны індзейцамі-папалокамі, якія засялялі даліну Тэаукана. На думку археолагаў, будаўніцтва храма адбывалася ў тры этапы — з 900 па 1260 гады, калі была пабудавана пірамідальная канструкцыя, знойдзеная навукоўцамі. Храм даўжынёй 12 і вышынёй 3,5 метра, відаць выкарыстоўваўся з 1000 па 1260 гады. Адначасова папалокі пачалі будаваць другі будынак храма Шыпе-Татэка і яшчэ трох бостваў. Трэці будынак узводзіўся да сярэдзіны XV стагоддзя і застаўся няскончаным. У гэты час сталіцу папалокаў заваявалі ацтэкі і прымусілі яе жыхароў перасяліцца на паўночны ўсход.

У 2017 годзе ў цэнтры Мехіка археолагі знайшлі ацтэкскую «вежу з чэрапаў», куды індзейцы змяшчалі чэрапы людзей, прынесеных у ахвяру багам, і храм бога ветру Ээкатля з пляцоўкай для гульні ў мяч.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!