У накрытым лавінай гатэлі ў Італіі шукаюць тых, хто выжыў (відэа)

У выніку сходу снежнай лавіны, якая накрыла гасцініцу Rigopiano ў італьянскім горным рэгіёне Абруца, загінулі некалькі дзясяткаў чалавек — у будынку гатэля знаходзіліся не менш за 20 пастаяльцаў і сем супрацоўнікаў.
EPA

EPA

Лавіну, верагодна, справакаваў землятрус, які адбыўся ў цэнтральнай Італіі ў сераду.

Па папярэдніх дадзеных, у гасцініцы знаходзіліся да 30 чалавек, пастаяльцаў і супрацоўнікаў гатэля, у тым ліку некалькі дзяцей.

Па меншай меры трох чалавек удалося дастаць з-пад снежных завалаў жывымі, аднак ужо выяўлена і некалькі цел. Больш за два дзясяткі чалавек па-ранейшаму лічацца прапаўшымі без вестак, паведамляе БіБіСі.

Як паведамляюць італьянскія СМІ, некаторым з пастаяльцаў, заблакаваным у накрытым снегам гатэлі, атрымалася адправіць тэкставыя паведамленні. «Дапамажыце, мы паміраем ад холаду!» — было ў адным з іх.

Два чалавекі былі знойдзеныя каля пашкоджанага будынка, акружанага паваленымі дрэвамі. Яны адпраўленыя ў бальніцу, у аднаго дыягнаставалі пераахаладжэнне.

Адзін з выратаваных, Джамп'еро Парэта, распавёў, што як раз выходзіў з гасцініцы, каб забраць сёе-тое з машыны, калі з гары сышла лавіна.

«Мяне накрыла снегам, але мне ўдалося выбрацца. Машыну снегам не зачапіла, і я стаў чакаць з ёй ратавальнікаў», — цытуе яго агенцтва АНСА.

Па словах Парэта, яго сям'я — жонка і двое дзяцей — па-ранейшаму знаходзіцца ў гатэлі.


Па дадзеных італьянскіх СМІ, лавіна накрыла трохпавярховы гатэль увечары ў сераду. Аднак з-за моцных снегападаў і заблакаваных дарог ратавальнікам удалося дабрацца да гасцініцы толькі  раніцай у чацвер.
"Шмат загінулых", — заявіў журналістам прадстаўнік выратавальнай службы Антоніа Крочэтта. Па словах выратавальнікаў, дах будынка часткова разбурыўся ў выніку ўдару лавіны.

Як паведамляе Рэйтэр, выратавальную аперацыю абцяжарвае тое, што ў апошнія дні ў раёне гары Гран-Сассо выпала каля пяці метраў снегу. Партал SKY паведамляе, што хуткая дапамога засела ў некалькіх кіламетрах ад гатэля.

У сераду раніцай у італьянскіх абласцях Лацыё, Абруцо і Марка на працягу некалькіх гадзін адбылося чатыры моцных землятрусаў магнітудай больш за 5. Падземныя штуршкі выклікалі сходы снежных лавін і апоўзні. У выніку землятрусу тысячы сем'яў у рэгіёне Марке засталіся без электрычнасці, жыхары яшчэ некалькіх вёсак апынуліся адрэзаныя ад знешняга свету.

EPA

EPA

У рэгіёне Абруца ахвярай землятрусу стаў адзін чалавек — 83-гадовы мужчына быў знойдзены пад заваламі яго хлява ў горадзе Тэрамо. Яшчэ адзін чалавек трапіў пад снежную лавіну і лічыцца зніклым без вестак.
Падземныя штуршкі таксама адчуваліся ў рэгіёне Лацыё, у тым ліку і ў Рыме, дзе была прыпыненая праца метро.

Землятрус адбыўся пасля снегападу, які працягваўся больш за суткі ў горнай мясцовасці блізу горада Аматрыче і Норча.

У выніку землятрусу з эпіцэнтрам у гэтым жа раёне Італіі ў жніўні мінулага года загінулі каля 300 чалавек, былі разбураныя некалькі тысяч дамоў. Гарады Аматрачэ і Пескара-дэль-Тронто пацярпелі мацней за ўсё.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: