У Нью-Ёрку адбылася святочная імпрэза з нагоды БНР101 (фота, відэа)

Святочная імпрэза, прысвечанная 101-м угодкам абвяшчэння Незалежнасці і Вольнасці БНР, адбылася ў грамадскай залі сабору Св.Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку
Мерапрыемства ладзілася Нью-Ёрскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання пры падтрымцы Галоўнай управы БАЗА і Парафіяльнай рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага.

Раніцаю ў 10:00 у царкве прайшла Літургія і быў адслужаны малебен за Беларусь.

Апоўдні пачалася святочная імпрэза, якую адчыніла віншавальнай прамовай старшыня Галоўнай управы БАЗА Наталля Федарэнка. Галіна Пазняк зачытала віншаванне ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Са святочнай прамовай выступіў Зянон Пазьняк, у якой падкрэсліў, што абвешчанне БНР было вынікам вялікага беларускага нацыянальнага ўздыму.

З урачыстай прамовай таксама выступіў старшыня Парафіяльнай Рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага Расціслаў Гарошка. Спадар Расціслаў зрабіў экскурс у гісторыю пабудовы беларускай аўтакефальнай царквы ў Амерыцы і распавёў аб важнасці яе захавання. Ганна Сурмач, былая шматгадовая старшыня Галоўнай управы БАЗА, сябра прэзыдыюму Рады БНР, распавяла аб працы Рады БНР і заклікала прысутных падтрымаць ахвяраваннямі Раду, якая не мае аніякай іншай падтрымкі акрамя той, што ідзе ад беларусаў.
Апрыканцы афіцыйнай часткі выступіў Валеры Мінец, які павіншаваў усіх са святам і пажадаў еднасці і згоды беларусам на Бацькаўшчыне, у Амерыцы і па ўсім свеце.

Асабісты ўдзел у святкаванні прынялі госці з Беларусі — Юры Беленькі, беларускі палітык, намеснік старшыні КХП-БНФ, і Мікіта Найдзёнаў, музыкант, паэт, лідар гурта HURMA.

Спадар Юры выступіў з натхняльнай прамовай аб тым, што кожны можа і павінен, у першую чаргу, сабе зрабіць асабісты ўнёсак у пабудову лепшай будучыні беларускага народа.

Мікіта Найдзёнаў пазнаёміў прысутных са сваёй творчасцю, распавёў пра новы праект "Сам Шазам". Госці былі прыемна ўражаныя талентам і творчасцю спадара Мікіты.

Фотаздымкі Віктара Дударава, Вадзіма Васільева і Наталлі Федарэнка
Відэа Віктара Дударава

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!