У Новай Маскве адкрылі мемарыял, дзе пахаваныя больш за шэсць тысяч рэпрэсаваных

На былым спецаб'екце НКВД «Камунарка», дзе пахаваныя больш за шэсць тысяч рэпрэсаваных, 27 кастрычніка адкрылі мемарыял «Сцяна памяці».
Адкрыццё Сцены Памяці ў Камунарцы. Ля мікрафона — кіраўнік Музея гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў

Адкрыццё Сцены Памяці ў Камунарцы. Ля мікрафона — кіраўнік Музея гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў

На помніку напісаны імёны 6609 рэпрэсаваных, якія былі пахаваныя на тэрыторыі палігона з 2 верасня 1937 года па 24 лістапада 1941 года.

«Цяпер дзеці і ўнукі тысяч расстраляных могуць прыйсці на месца пахавання і пакласці кветкі або паставіць свечкі ля мемарыяла з імёнамі сваіх блізкіх, лёс якіх быў невядомы на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў», — заявілі ў «Міжнародным мемарыяле».

Помнік, паводле заявы «Мемарыялу», быў пабудаваны сумесна з прыходам храма Святых навамучанікаў і вызнаўцаў Расійскіх у Камунарцы па блаславенні патрыярха Кірыла.

Палігон «Камунарка» — былы спецаб'ект НКВД СССР на поўдзень ад Масквы, дзе ў 1930-я і 1940-я гады былі расстраляныя і пахаваныя некалькі тысяч чалавек. Як піша «Мемарыял», большасць пахаваных былі «савецкімі кіраўнікамі розных рангаў» і іх сваякамі. Аб масавых пахаваннях у Камунарцы стала вядома ў 1991 годзе. У 1999-м тэрыторыю перадалі РПЦ; у 2007-м там адкрылі храм.

30 кастрычніка — Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Напярэдадні ў цэнтры Масквы на Лубянцы пройдзе штогадовая акцыя «Вяртанне памяці» — яе ўдзельнікі па чарзе выходзяць да мікрафону ля Салавецкага каменя і чытаюць з аркушаў звесткі аб рэпрэсаваных. У 2018 годзе ўлады Масквы вырашылі перанесці акцыю да новага мемарыялу «Сцяна смутку», але затым пагадзіліся на традыцыйнае месца.

meduza.io

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!