У Новай Зеландыі з-за землятрусу прарвала дамбу

У Новай Зеландыі за суткі адбылося два магутных землятрусы. Прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джон Кі адмяніў візіт у Аргенціну ў сувязі з магутным землятрусам у яго краіне.

Новая Зеландыя Фота REUTERS


Улады Новай Зеландыі паведамілі, што ў выніку двух моцных землятрусаў, якія адбыліся ў краіне за апошнія суткі, была прарваная дамба на Паўднёвым востраве.

Пасля прарыву дамбы магутныя патокі вады накіраваліся ў раку Кларэнс. Мясцовыя ўлады заклікаюць жыхароў горада Каікоура як мага хутчэй перабрацца на высокія месцы.

"Падзеі працягваюць развівацца, і мы пакуль дакладна не ведаем маштабаў шкоды, — паведаміў прэм'ер-міністр Новай Зеландыі Джон Кі, размаўляючы сёння з журналістамі ў Велінгтане. — У гэтых умовах мне неабходна заставацца ў краіне, каб пры неабходнасці аказаць дапамогу і падтрымку, якія спатрэбяцца, калі мы вызначым маштабы наступстваў гэтага стыхійнага бедства". Джон Кі павінен быў адправіцца з візітам у Аргенціну ў аўторак.

Новазеландскі прэм’ер заявіў у інтэрв'ю радыёстанцыі “Radio New Zealand”, што шкода ад серыі землятрусаў можа скласці як мінімум 2 мільярды новазеландскіх долараў (1,4 мільярда долараў ЗША). Зрэшты,  Джон Кі дапускае, што гэта далёка не канчатковая лічба: "Мяркую, што маштабы шкоды будуць большыя, чым нам пакуль вядома", — адзначыў ён.

У нядзелю пасля паўночы па мясцовым часе (14:00 у нас) у Новай Зеландыі адбыўся магутны землятрус магнітудай 7,5 бала. З таго часу нацыянальная сейсмалагічных служба зарэгістравала звыш 500 падземных штуршкоў магнітудай ад 3 да 6,2.

Эпіцэнтр падземных штуршкоў знаходзіўся прыкладна ў 90 кіламетрах на паўночны ўсход ад горада Крайстчарч, які моцна пацярпеў ад землятрусу ў 2011 годзе. Ачаг землятрусу залягаў на глыбіні 23 кіламетры.

Па апошніх дадзеных, у выніку першага землятрусу загінулі два чалавекі.

Многія школы і офісы кампаній у краіне зачыненыя, інжынеры правяраюць цэласнасць будынкаў пасля землятрусаў.

Новая Зеландыя ўваходзіць у так званае Ціхаакіянскае вулканічнае вогненнае кола, дзе адбываецца каля 90% усіх землятрусаў планеты і 80% самых магутных з іх.


Паводле ВВС, ТАСС




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: