У Паўночнай Карэі жанчыну арыштавалі за выратаванне з пажару сваіх дзяцей замест партрэтаў дзяржправадыроў

Паўночнакарэйская маладая мама кінулася ў полымя палаючага дома, каб выратаваць сваіх дзяцей, і апынулася за кратамі. На думку уладаў, у першую чаргу жанчыне варта было вынесці з агню партрэты дзяржаўных правадыроў — Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра. Затое мужчына, які зрабіў гэта замест яе, зараз насалоджваецца славай героя, хоць яшчэ ўчора лічыўся небяспечным злачынцам.
На самай мяжы з Кітаем у прыватным сектары акругі Онсонг, правінцыя Паўночны Хамгён, Паўночная Карэя, 30 снежня ўспыхнуў пажар — загарэўся дом, у якім жылі дзве маладыя сем'і. Нікога з дарослых не было дома ў гэты момант, але, убачыўшы дым, яны кінулі ўсе справы і паспяшаліся на дапамогу сваім дзецям. Адна з жанчын ўварвалася ў вогненны дом і вынесла малых, аднак замест падтрымкі з боку суседзяў і ўрада атрымала толькі асуджэнне і пагрозу рэальнага турэмнага зняволення, піша DailyNK.

Адразу ж пасля выратавання дзяцей на месца пажару прыбылі супрацоўнікі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Паўночнай Карэі (MSS), якія арыштавалі жанчыну за тое, што яна не выратавала з дома партрэты нацыянальных лідараў —- Кім Ір Сена і Кім Чэн Іра. Па словах мамы, яна нават не паспела падумаць аб малюнках — калі яна падбегла да дома, ён ужо цалкам быў ахоплены агнём, заставалася выбіраць — альбо дзеці, альбо партрэты, але улады яе словы не пераканалі, бо рамкі згарэлі дашчэнту.

Па законах Паўночнай Карэі, усе выявы сям'і Кім павінны ўспрымацца жыхарамі з такой жа павагай, як і самі нацыянальныя лідары. Адсутнасць належнага клопату пра іх лічыцца сур'ёзным палітычным злачынствам. Пры гэтым тыя, хто ратуе партрэты ад любых пагроз, становяцца нацыянальнымі героямі. І ў гэтай гісторыі таксама знайшлося месца для такой самаахвярнай любові да радзімы.

У той час, як жыхаркі абодвух падпаленых дамоў выносілі з пажару сваіх дзяцей, на ферме непадалёк працаваў мужчына, толькі вызвалены з турмы, дзе сядзеў за гвалтоўныя злачынствы. Былы зняволены пачуў крыкі і кінуўся на дапамогу партрэтам. Ён забег у жыллё суседкі гераіні гісторыі і вынес малюнкі Кімаў на вуліцу. Усяго за адзін дзень ён ператварыўся з небяспечнага злачынца ў героя нацыі і, як, па словах журналістаў, паказвае практыка, хутка можа атрымаць дзяржаўную ўзнагароду.

Жанчыне, партрэты якой такім чынам апынуліся выратаваны, нічога не пагражае. Але вось другой маме не пашанцавала — зараз яна знаходзіцца ў зняволенні, пакуль ідзе следства MSS. Абодва яе дзіцяці маюць патрэбу ў антыбіётыках для лячэння апёкаў, але яна не можа іх купіць, пакуль сядзіць у няволі. Суседзі сям'і хочуць дапамагчы малым, аплаціўшы ім лекі, але не робяць гэтага, баючыся, што іх абвінавацяць у дапамаганні сям'і палітычнага злачынца.

Любыя выявы цяперашняга лідара Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына паўночнакарэйцы песцяць сапраўды гэтак жа, як партрэты яго бацькі і дзеда, аднак карыстальнікам Сеткі па ўсім свеце гэта не замінае рабіць мемы з ім.

Паўночная Карэя — вельмі закрытая краіна, пра рэальнае жыццё якой мала што вядома. Нават простыя фатаграфіі рэдкіх турыстаў падвяргаюцца дбайнай цэнзуры.

medialeaks.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: