У польскай Гайнаўцы стартуе марш шавіністаў

Сёння ў Гайнаўцы адбыўся 4-ты гайнаўскі марш у памяць "выклятых жаўнераў". Ладзяць яго шавіністычныя арганізацыі, якія нясуць на штандарах між іншых выявы Рамуальда Райса і Зыгмунда Лупашкі, якія адказныя за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Беласточчыне ў пасляваенныя гады і смерць цывільных жыхароў.
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


Як паведамляе Радыё Свабода, у маршы прымаюць удзел польскія нацыяналістычныя арганізацыі і футбольныя фанаты, для якіх Рамуальд Райс і Зыгмунд Лупашка — героі.

Аднак мясцовыя жыхары (мноства з якіх — этнічныя ўкраінцы і беларусы) — іншага меркавання. Як паведамляе карэспандэнтка Радыё Рацыя Валянціна Лаеўска, з самага ранку ў царкве ў Гайнаўцы прайшла літургія, пазней паніхіда ў памяць бязвінна загінулых, закатаваных і спаленых аддзелам Рамуальда Райса “Бурага”. Святар пасля паніхіды адзначыў, што Буры быў злачынцам і нельга яго лічыць і называць героем. Пазней у цэнтры Гайнаўкі прайшла акцыя “Вечная памяць”, на яе сабралася каля 300 чалавек. Прыехалі палітыкі з партыі “Разам” , прадстаўнік пасла Роберта Тышкевіча і простыя грамадзяне.

Выказаўся супраць правядзення маршу і рух «Obywatele RP», які разаслаў па СМІ адмысловую заяву:

"Сёння мы, рух «Грамадзяне Польшчы» (пол. Obywatele RP), кладзём перад сабой 79 белых руж, шануючы памяць нашых забітых суграмадзянаў. Насупраць маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы мы стаім з белымі ружамі ў руках, у цішыні і спакоі, успамінаючы ахвяр «Бурага» і іншых камандзіраў польскага падполля, якія спрабавалі вынішчыць сваіх суграмадзянаў па нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмеце.

Цяперашні паход нацыяналізму ў Польшчы прывёў да таго, што прэзідэнт, як пераконвае Канстытуцыя – найвышэйшы прадстаўнік Рэспублікі Польшча – у стагоддзе польскай незалежнасьці ў лістападзе 2018 г. узначаліў найбольшы марш нацыяналістаў у Еўропе. Гэта — далёка не ўся Польшча, большасць нашых суграмадзянаў не атаясамлівае сябе з падобнымі мерапрыемствамі, а частка, разам з намі, актыўна пратэстуе супраць гэтых паходаў.

Нацыяналізм, які сарамліва падмяняецца сёння словамі «гонар», «нацыянальны прагматызм» або «патрыятызм», уцягнуў Еўропу і Польшчу ў дзве сусветныя вайны. Ён вяртаецца зноў. Эўфэмізмы не змяняюць яго сутнасці — ён застаецца каталізатарам злачынстваў і прымушае кожнага з нас, грамадзяніна Польшчы, задумацца аб нашым мінулым і будучыні, не перад манументальнай статуяй чарговага героя, а ў цішыні, каля магілы ці крыжа на вясковых могілках.
Белыя ружы ў нашых руках — гэта заклік да чалавечай годнасці, справядлівасці і сумленнасці.

Сумленнасцю і памяццю, без насілля, мы хочам спыніць нацыяналізм у Польшчы.

Мы робім гэта не толькі ў Гайнаўцы, а ў кожным месцы, дзе годнасць любога польскага грамадзяніна топча ўлада сваім патаканнем нацыяналізму. У мінулым годзе мы пратэставалі супраць нацыяналістычных паходаў у шмат якіх месцах Польшчы і часткова мы дамагліся поспеху: некаторыя з іх, у тым ліку ў Варшаве, былі распушчаны.

Мы пратэставалі супраць папраўкі да закона аб Інстытуце нацыянальнай памяці – спробы цэнзураваць гістарычную праўду. Мы публічна заявілі пра тое, што прадстаўнікі польскага народа таксама адказныя за Галакост, за гэтыя словы мы самі на сябе падалі заявы ў пракуратуру. Мы дамагліся поспеху: папраўка была адкліканая, і ў той жа самы час мы атрымалі адмову адкрыцця нашых спраў.

Мы таксама паўтарылі частку прамовы ўкраінскага актывіста з Любліна Грыгорія Купріяновыча, які публічна казаў пра забойства ўкраінцаў на Холмшчыне польскім падполлем. За гэта люблінскі ваявода падаў на актывіста ў пракуратуру за абразу польскага народу, і пракуратура распачала справу. Мы падтрымалі яго сваімі заявамі і мы дамагліся поспеху: расследаванне было спынена.

[...]

Паколькі грамадзяне Рэспублікі Польшча — гэта не ворагі, забойцы — не героі, а будучыня Польшчы — не нацыяналізм",
 — пішуць сябры руху.

Як паведамляецца, Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што шкадуе пра намер правесці ў Гайнаўцы чарговы марш памяці у памяць "выклятых жаўнераў”.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: