У Польшчы абвешчана нацыянальная жалоба

У сувязі са смерцю мэра Гданьска Паўла Адамовіча прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда прыняў рашэнне аб абвяшчэнні нацыянальнай жалобы з 18 студзеня з 17:00 да 19 студзеня да 19:00.
 facebook.com/Pawel.Adamowicz

 facebook.com/Pawel.Adamowicz

Кніга спачуванняў у сувязі са смерцю Паўла Адамовіча будзе адкрыта ў панядзелак, 21 студзеня, з 10:00 да 15:00 у Пасольстве Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь па адрасе: вул. Змітрака Бядулі, 11, г. Мінск (Х паверх).

Мэр Гданьска Павел Адамовіч памёр у выніку нападу, які адбыўся 13 студзеня падчас фіналу штогадовай дабрачыннай акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». На сцэну, дзе адбывалася дзея, забег мужчына, выкрыкнуў у мікрафон, што здзейсніў напад з помсты ліберальнай партыі «Грамадзянская платформа» (Адамовіч быў адным з яе заснавальнікаў), па віне якой яго нібыта несправядліва пасадзілі ў турму, і ўдарыў палітыка нажом. Пасля гэтага нападніка затрымалі. Ім аказаўся жыхар Гданьска Стэфан В. Яму прад'яўлена абвінавачванне ў забойстве, ён не прызнае сваю віну.

Мэр атрымаў сур’ёзныя раненні сэрца, дыяфрагмы і ўнутраных органаў. Павел Адамовіч перанёс аперацыю, якая працягвалася 5 гадзінаў. Пасля аперацыі ён знаходзіўся ў фармакалагічнай коме. Адамовіч памёр 14 студзеня.

Паўлу Адамовічу было 53 гады. Ён кіраваў Гданьскам больш за 20 гадоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!